Што значыць атака «русского мира» на лідара прадпрымальнікаў?


Помста за падтрыманне Украіны. Невядомыя апаганілі аўта лідара прадпрымальніцкага руху Анатоля Шумчанкі надпісам «ЛНР – сіла». Следчы камітэт 10 дзён будзе здзяйсняць праверку і тады ўжо прымаць рашэнне, ці ўзбуджаць крымінальную справу па артыкуле «хуліганства». Прадстаўнікі ж дэмакратычнага руху перакананыя, што гэта не бытавое хуліганства, а чарговы выпад «рускага міру».

Знявечанае аўта, ксеракопіі долараў за шчоткамі лабавой шыбы. Такую карціну заспеў лідар прадпрымальніцкага руху, кіраўнік абʼяднання «Перпектыва» Анатоль Шумчанка. На сямейным аўтамабілі прадпрымальніка невядомыя пакінулі надпіс: «ЛНР – сіла».

«Хутчэй за ўсё сачылі. Таму гэта сурʼёзная справа. Даведацца так папросту, што гэта машына маёй жонкі немагчыма. Яна на мяне не аформленая. Відавочна, што сачылі і ведалі, што хочуць зрабіць», – зазначыў лідар «Перспектывы».

Матыў гэтак званай «ЛНР», паводле Анатоля Шумчанкі, невыпадковы

Незадоўга да інцыдэнту ў «Перспектыву» звярнулася па дапамогу прадпрымальніца з Луганшчыны. Тады Шумчанка заявіў, што арганізацыя не падтрымлівае сепаратыстаў. А пятага лютага ў «Фэйсбуку» актывіст апублікаваў відэа, на якім – захоплены ўкраінскімі войскамі беларускі баявік, што ваяваў на баку «ЛНР».

Шумчанка не сумняецца, што інцыдэнт – палітычна матываваны. І гэта далёка не першы выпад гэтак званага «русского мира» ў Беларусі за апошні час. На пачатку лютага шэсць прарасейскіх актывістаў правялі акцыю ў цэнтры Менску. Удзельнікі мітынгу публічна зневажалі ўкраінскія ўлады і беларускую дэмакратычную супольнасць.

Сляды акцыі вядуць у «Национально-освободительное движение», якім кіруюць з Масквы

«Нейкі час таму «Малады Фронт» апублікаваў спіс 100 арганізацыяў (Чорная сотня). У рэальнасці іх яшчэ больш. Цяпер іх можа быць некалькі соцень. Відавочна, што там тысячы людзей. Гэта дыверсанты, самыя сапраўдныя падрыхтаваныя дыверсанты, якія чакаюць свайго часу», – упэўнены Павел Севярынец, з партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя».

Дыверсанты ўжо сёння пранікаюць у Беларусь?

Рашучай рэакцыі ўладаў Беларусі на іхную дзейнасць пакуль няма. Зрэшты, відавочнае і рознае стаўленне кіраўніцтва Беларусі да грамадзянаў, якія ваююць на Данбасе. Тыя, хто бароніць цэласнасць Украіны, нярэдка трапляюць на радзіме пад крымінальны пераслед. Беларускія баевікі «ДНР» і «ЛНР» могуць спакойна распавядаць пра свае подзвігі.

«Слухалі размовы, пасля накіроўвалі беспілотнік, які ўсё спраўджваў. Калі была неабходнасць, кіравалі каардынаты да артылерыі ўсіх забівалі», – прызнаецца беларус Канстанцін Фафанаў, які ваяваў на баку «ЛНР».

Нярэдка баевікі, якія прайшлі вайну на Данбасе, далучаюцца да прарасейскіх груповак, якія дзеяць і на тэрыторыі Беларусі.

Пытанне – у тым, наколькі далёка паспеюць зайсці прарасейскія сепаратысты ў Беларусі

Гісторыя нашай краіны памятае выпадкі, якія не кончыліся толькі надпісамі на аўтах. У 2009 годзе сябры «Русского национального единства» жорстка збілі прадстаўнікоў дэмакратычнага руху Андрэя Саннікава, Алега Бябеніна і Дзмітрыя Бандарэнку. Крымінальную справу тады завесці адмовіліся.

Ян Бабіцкі, «Белсат»