Аб'ектыў 01.09.2017 Школьнікі – пра расклад «пад Колю»


Першы званок празвінеў для 110-ці тысяч першакласнікаў. А агулам за школьныя парты селі каля мільёна дзяцей. І селі пазней, чымся летась.

«А 8 раніцы было нашмат зручней, таму што заканчваліся ўрокі раней і перапынкі былі большымі».

«У вучняў трэба было б запытаць хаця б крыху, ці ім зручна так будзе».

«Для мяне лягчэй было б, каб заняткі пачыналіся а 8 раніцы, бо я не буду паспяваць на свае трэніроўкі».

– кажуць школьнікі.

Ні дзяцей, ні бацькоў, ні настаўнікаў не пыталі

Усё пачалося з таго, што Колю Лукашэнку складана рана падымацца. І згодна з ініцыятывай кіраўніка краіны, школы, якія працуюць у адну змену, пачалі працу а 9-й раніцы, іншыя – а 8:30.

«Уся сістэма адукацыі будзе змушаная перабудоўваць свой рэжым працы. У тым ліку і бацькі. Навошта гэта трэба было рабіць? Я мяркую, папросту для адцягвання ад рэальных праблемаў, якія існуюць у школах», – кажа кандыдат педагагічных навук Святлана Мацкевіч.

А гэта і пытанне да ўзроўню ведаў, і пра брак самакіравання, і пра ідэалагізацыю школаў.

Прыгожымі словамі павіншаваў школьнікаў Аляксандр Лукашэнка

А яшчэ тыдзень таму на рэспубліканскай педагагічнай нарадзе кіраўнік казаў пра школьную форму, якая будзе зручнай «і для дзяцей з пятай калоны», і сваіх, «звычайных, сапраўдных».

Журналістка Ганна Аземша арганізавала фотасесію з гэтак званымі дзецьмі з «пятай калоны». А яны паказалі і адзенне, у якім хочуць хадзіць у школы, і тое, што нічым не адрозніваюцца ад іншых і гэтак жа любяць сваю краіну, у якой кіраўнік зрабіў падзел.

«Гэта страшна разумець тое, што кіраўнік дзяржавы дзеліць дзяцей па прыкметах нейкай палітычнай заангажаванасці іх бацькоў. Мэта нашая была паказаць, што гэта звычайныя дзеці, большасць з іх нават не разумеюць, пра што ідзе гаворка: «пятая калона», «шостая калона», – абураецца Ганна.

У сённяшніх урачыстасцях пра гэта ўлады ўжо не згадвалі

А хваліліся новымі падручнікамі ды праграмамі, а таксама адкрыццём ажно дзвюх школаў. Але маўчалі пра закрыццё дзясяткаў.

За часы кіравання Аляксандра Лукашэнкі з 94-га года колькасць установаў агульнай і сярэдняй адукацыі паменшылася з 5 000 да 3 155-ці. Толькі летась закрыліся 65 школаў.

А на тле дыскусіі пра гадзіну пачатку заняткаў і пяці- або дзесяцібальную сістэмы адбываецца падзенне агульнага ўзроўню ведаў.

Кіраўнік краіны сёння заявіў пра неабходнасць развіцця прафесійна-тэхнічнае і сярэдняе спецыяльнае адукацыі. Ці гэта азначае далейшы абвал узроўню вышэйшае адукацыі? Галоўны ўніверсітэт краіны, БДУ, сёлета ў сусветным рэйтынгу займаў 637-ю пазіцыю.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары