Шаркаўшчына: сярэдні заробак Br 477


Чакалі ды не дачакаліся. Абяцаны сярэдні заробак 500 долараў у эквіваленце гэтак і застаўся для большасці беларусаў марай. Больш за тое, ня кожны беларус зарабляе нават 500 рублёў, ня тое што долараў. Як, напрыклад, на Шаркаўшчыне.

Сярэдні заробак – 477 рублёў і тое далёка не для кожнага. Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці – традыцыйна самы бедны паводле даходаў насельніцтва.

Хтосьці едзе на заробкі ў Расею, хтосьці – у суседнія раёны. Але ж і там сітуацыя ненашмат лепшая. Да прыкладу, Мёрскі раён займае трэцяе месца ў рэйтынгу самых бедных у краіне. Агулам сярод дзесяці раёнаў, што псуюць статыстыку аб заробку, восем – з Віцебскай вобласці!

Жыхары Шаркаўшчыны:

«Яно паўсюль такое па Віцебскай вобласці. Паўсюль вось такая галеча. Паўсюль людзі церпяць».

«Гэтак і выжываем. Ад заробку да заробку і жывем паціхеньку. А што рабіць?».

«Выжываем толькі сваёй працай. Гадуем кароў, гадуем свінні. Гэтак і выжываем».

Цяжкую сітуацыю ў раёне можна, між іншага, растлумачыць адсутнасцю прамысловасці, а таксама ня надта спрыяльнымі ўмовамі для сельскай гаспадаркі. Да таго ж нядаўна ў раёне змяніўся кіраўнік – папярэдняга вінавацяць у карупцыі. Сярод мясцовых ходзяць чуткі, што каб хоць неяк падняць Шаркаўшчынскі раён, яго аб’яднаюць з Глыбоцкім. Эканамісты ж кажуць, што змяняць трэба не адміністрацыйнае дзяленне.

«Калі не зрабіць дэцэнтралізацыю, не зрабіць умовы працы, якія б дазволілі мясцовым уладам і мясцоваму бізнесу займацца там нейкай прадпрымальніцкай дзейнасцю, не стварыць, напрыклад, тое, што створана ў Вялікім Камяні ці Парку Высокіх Тэхналогіяў, Я думаю, што са 118-ці раёнаў Беларусі (а такіх – недзе 20), яны будуць, безумоўна, рэгіёнамі беднасці і там увогуле не будзе людзей», – мяркуе кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Што праўда, пакуль людзі на Шаркаўшчыне ёсць. Няма грошай.

«Менш грошай у людзей стала. Бо бяруць у вёсках па 2-3 рыбкі, ніколі такога не было яшчэ. Кілаграмамі бралі заўжды», – распавядае прадавачка рыбы.

Тым ня менш тое, што абяцанага кіраўніком краіны сярэдняга заробку 500 долараў няма, Лукашэнку, відаць, не турбуе. Сёння падчас наведвання Свята-Духавага кафедральнага сабору ён казаў, што ўладам удалося пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў эканоміцы. Што праўда, разам з тым кіраўнік дзяржавы прызнаўся: «Жыццё ў нас не цудоўнае, яно цярпімае».

Сцяпан Святлоў, «Белсат»