Аб'ектыў 13.10.2017 Сепаратыст Віктар Каліна ездзіць па Беларусі з турам «Эх, разгуляемся»


Восеньскі тур Віктара Каліны распачаўся ў Дзяржынску і паволі кіруецца ў бок Віцебску. Там ягоны канцэрт плануецца ў мясцовай філармоніі 23-га кастрычніка. Віцебская актывістка Таццяна Севярынец, аднак, спадзяецца, што выступ атрымаецца адмяніць. Адпаведны зварот яна скіравала ў абласны аддзел культуры.

Каліна – адкрыты прыхільнік прарасейскіх сепаратыстаў. У сваіх песнях ён прапагандуе «русский мир» і выказвае падтрыманне гэтак званым ДНР І ЛНР. Таксама ён выказвае шкадаванне, што экс-прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч не расстраляў усіх удзельнікаў Майдану.

Рэакцыя Каліны на зварот Таццяны Севярынец не запазнілася

Пад допісам актывісткі спявак пакінуў зняважлівы каментар, а пазней напісаў адказ на сваім профілі на Фэйсбуку.

Сваёй зброяй шансанье называе вершы і песні. За канцэрты на ўсходзе Украіны ён атрымаў шэраг узнагародаў ад сепаратыстаў. Між іншага за, цытата,«памнажэнне культурнай спадчыны “русского мира”».

У Беларусі спявак не мае ўзнагародаў

Затое мае крымінальнае мінулае. У 2007-м годзе яго асудзілі за махлярства на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі. Віктар Каліна – ён жа Віктар Мілько – адседзеў два гады ў наваполацкай калоніі і выйшаў паводле амністыі. За сваю свабоду ён падзякаваў Аляксандру Лукашэнку.

Аматар турэмнага шансону жыве ў Расеі, але па-ранейшаму мае беларускае грамадзянства.

Каліна стаў персонай нон-грата ва Украіне

Прозвішча шансанье ўвайшло ў спіс асобаў, якія ствараюць пагрозу ўкраінскай бяспецы.

Такая рыторыка і погляды не спрыяюць папулярнасці Каліны і ў Беларусі. Два гады таму віцебскія актывісты ўжо дамагліся адмены ягонага канцэрту. І спадзяюцца, што затрымаецца і цяпер.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

 

Глядзі таксама
Каментары