Салігорскія шахцёры не пайшлі на страйк


Сёння зʼявілася інфармацыя пра магчымае правядзенне забастоўкі салігорскімі шахцёрамі. Сярод прычынаў называлі састарэлы стан тэхнікі, на якой даводзіцца працаваць людзям пад зямлёй, і абыякавае стаўленне кіраўніцтва да эпідэмічнай сітуацыі на прадпрыемстве. Як заявіў у сваім афіцыйным звароце дырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты, у ананімных закліках да забастоўкі няма нічога іншага, як спробы ўцягнуць прадпрыемства ў палітычную гульню.

«Пытанні вытворчасці заўжды існуюць на прадпрыемстве. Заўжды ёсць спрэчныя моманты, што вырашаюцца праз перамоўны працэс, у працэсе камунікацыі на працоўных сходах. Таму заўжды існуюць праблемныя моманты, якія заўсёды вырашаюцца», – заявіў старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Юрый Захараў.

Звесткі пра дрэннае тэхнічнае забеспячэнне былі і раней. Гэтак, сёлета ў сакавіку на 3 рудаўпраўленні адбылася аварыя, у якой пацярпелі 8 шахцёраў, адзін з іх загінуў. Верагоднай прычынай называлі няспраўнасць машыны для транспартавання работнікаў, у выніку чаго яна сутыкнулася з цаліком горнай вырабаткі.

«Шчыра кажучы і мякка кажучы, яна пакідае жадаць лепшага, гэтая тэхніка і яе стан. Парк тых машынаў, каторыя прадугледжаныя для дастаўкі людзей на ўчасткі, аднаўляецца, але не тымі тэмпамі, як нам хацелася б», – распавёў работнік шахты.

Паводле аднаго з работнікаў шахтаў, што пажадаў застацца ананімным, бліжэйшым часам ніякіх пратэставых выступаў шахцёраў чакаць не даводзіцца. Праблемныя пытанні з кіраўніцтвам гэтым разам удалося развязаць у рабочым парадку.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»