На тэрыторыю Мытнага звязу з сённяшняга дня, паводле новых нормаў, можна ўвозіць толькі 5 (пяць) кілаграмаў садавіны і гародніны ды 3 (тры) букеты кветак.
«Пяць кілаграмаў, тры букеты – я хачу гэтым кіраўнікам усім букеты ўсадзіць куды-небудзь», – кажа ў размове з намі кіроўца на аўтамабільным пераходзе «Новая Гута».
«Кавун – 10 кг, а трэба 5. Але яны кажуць: «Разразайце на дзве часткі і 5 кг вязіце». Так і ўсё. І яшчэ нахабна насміхаюцца з падкавыркай», – прызнаецца жанчына, якая пераходзіць украінска-беларускую мяжу.
Людзі называюць новыя нормы здзекам. А Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі кажа пра фітасанітарныя патрабаванні.
«Гэтыя захады, яны звязаныя з абаронаю расейскага рынку. Таму што ў адрозненні ад нас, Расея мае вялікія рэгіёны, якія зʼяўляюцца вытворцамі той часткі садавіны і гародніны, што імпартуецца да нас у Беларусь«, – кажа эканаміст Міхал Залескі.
Напярэдадні ў Маскве Лукашэнка кляўся Расеі ў сяброўстве і казаў, што ад гэтага выйграюць усе. Атрымліваецца – апроч беларусаў, якія хочуць толькі таннейшых паўднёвых ласункаў.
«5 кг – гэта што? Гэта здзек з народу. Я вам шчыра скажу, гэта здзек. У мяне ёсць унукі. Я магу правезці добрую гародніну, садавіну. Свой дом ва Украіне, маці, бацька. І я не магу прывезці. Як гэта?», – кажа кіроўца, які стаіць у чарзе на памежным пераходзе.
Калі да яго далучаюцца іншыя кіроўцы, мы становімся сведкамі такога дыялогу:
Мужчына: Гэта проста ненармальна. Развівайце ўласную сельскую гаспадарку. Купляйце наша па завышаных коштах. Адменяць гэта!
Жанчына: Не адменяць.
М: Людзі паўстануць.
Ж: Не-не! Беларусы баяцца!
М: Ужо не.
Параўнаем цэны. Калі ўзяць чарэшні, ягада найлепшае якасці каштуе на Камароўскім рынку сталіцы ў чатыры разы больш за найдаражэйшыя адпаведнікі ў Кіеве ці Варшаве.
Падобна сітуацыя выглядае і з іншымі харчамі. Новыя нормы замінаюць пакупнікам ашчаджаць і павялічваюць нагрузку на працу мытні, а гэта спрычыніцца да росту чэргаў.
«Нельга без канкурэнцыі працаваць, – кажа іншы кіроўца. – Трэба сваю прадукцыю рабіць танней і рабіць яе лепш. Тады ўсё будзе добра».
Але замест найлепшага выйсця – стварэння эфектыўнага рынку – улады знайшлі прасцейшы шлях: мытныя абмежаванні і забароны.
Сяргей Падсасонны