Аб'ектыў 14.09.2018 Расейскія алігархі хочуць завалодаць малаком


Звычайнае беларускае сухое малако. Такое прывозіць ледзь не ў кожную вёску знакамітая аўталаўка. Але вось у Расею цяпер яго не завозяць – забаранілі расейскія ўлады. Толькі ці сапраўды рэч у прэтэнзіях да якасці і бяспечнасці прадукту?

Двухгаловы расейскі арол у сваёй беспасярэдняй праяве. З аднаго боку, асацыяцыя прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасці накіравала ліст прэм’еру Дзмітрыю Мядзведзеву з заклікам развязаць пытанне з пастаўкамі сухога малака з Беларусі, бо расейскія прадпрыемствы не ў стане задаволіць патрэбаў мясцовых вытворцаў кандытарскіх вырабаў. З другога – Міністэрства сельскай гаспадаркі заяўляе пра стабільную сітуацыю на рынку сухога малака і адсутнасць нейкіх пагрозаў. Фактычна, інтарэсы малога ды сярэдняга бізнесу, як і спажыўцоў, у такім выпадку не ўлічваюцца, заўважаюць эксперты.

Валерыя Касцюгова, рэдактар сайту «Наше мнение» распавядае:

«Расейская Федэрацыя цяпер выбудаваная такім чынам, што і міністэрствы, і ўвогуле ўсе органы дзяржавы – урад, камітэты і гэтак далей – усё гэтае зрошчанае з буйным расейскім бізнесам. І дзеюць яны як фактычна алігаполіі».

Імпарт у Расею беларускага сухога малака забаронены ўжо чацвёрты месяц. І расейскія вытворцы, паводле асацыяцыі кандытараў, могуць задаволіць толькі палову іх патрабаванняў. Калі сітуацыя не выправіцца, ёсць пагроза павышэння коштаў на расейскія кандытарскія вырабы ажно на 20 адсоткаў. Гэта адчуюць і беларускія спажыўцы гэтай прадукцыі.

Вячаслаў Лашманкін, выканаўчы дырэктар Асацыяцыі прадпрыемстваў кандытарскай прамысловасці РФ:

«Тое малако, якое прадпрыемствы кандытарскай прамысловасці закуплялі на прадпрыемствах беларускай малочнай прамысловасці, да гэтых прадуктаў у нашых вытворцаў прэтэнзіяў ніколі не было».

І такая сітуацыя не толькі з сухім малаком. Гэтак яшчэ напрыканцы жніўня Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу накіравала ліст у расейскі ўрад, дзе паведамляла пра рызыкі, якія стварае для расейскай харчовай прамысловасці абмежаванне на пастаўкі беларускіх харчоў. Аднак, як бачна, гэта мала ўздзейнічае на расейскія ўлады. Жыхары Менску разважаюць над пытаннем:

«Яны хочуць сваю прадукцыю прасоўваць больш і не хочуць атрымліваць ад нас штосьці».

«Мне здаецца, гэта ўсё вялікая палітыка. Ніхто не хоча, каб мы былі самастойныя – мы такі ласы кавалачак».

«Падтрымліваюць адных вытворцаў гэтай прадукцыі, а іншым робяць горш. Значыць, там чыесьці інтарэсы».

«З-за непразрыстасці гэтага саюзу Еўразійскага эканамічнага. Бо няроўныя ўмовы».

«Яны проста не хочуць канкурэнцыі, не вытрымаюць».

Адсутнасць канкурэнцыі – гэта і ёсць манаполія. На меркаванне экспертаў, менавіта яе і імкнецца дасягнуць расейскі алігархат, які валодае буйною малочнаю прамысловасцю, пры дапамозе забаронаў на імпарт. Схема простая – задушыць малы і сярэдні бізнес, а потым самім дыктаваць патрэбныя ўмовы ды стандарты як на мясцовым рынку, гэтак і для замежных пастаўнікоў.

Валерыя Касцюгова, рэдактар сайту «Наше мнение» тлумачыць:

«Няма мэты замясціць імпарт. Ёсць мэта ўзначаліць імпарт. То бок зрабіць яго прыбытковым для сябе. А для сябе – гэта значыць для людзей, якія ў дзяржаўных органах і тых камерцыйных фірмах, якія асацыяваныя з гэтымі людзьмі».

Паводле адмыслоўцаў, такія «прадуктовыя войны» могуць працягвацца і далей, бо беларускі харчовы экспарт моцна завязаны на Расею. Аднак вытворцы той жа малочнай прадукцыі ўжо актыўна распрацоўваюць іншыя рынкі – Кітай, Казахстан, краіны арабскага свету.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары