Ракаўскі фэст – сапраўднае свята культураў


Ракаў – аграгарадок за сорак кіламетраў ад Менску. Згодна з Рыскай мірнаю дамовай 1921 года мястэчка апынулася ў складзе Польшчы. За паўтара кіламетра адсюль праходзіла мяжа з БССР. Менавіта гэтаму міжваеннаму часу прысвечаны Ракаўскі фэст. Сёлета ён адбываецца чацвёрты раз.

«Гэта была мая першая дарога. Нас ішло 12. Я і яшчэ 9 перамытнікаў; вёў групу машыніст Юзік Трафіда, бывалы, дасведчаны праваднік, тавар пільнаваў жыд – Лёва Цыліндар», – гэткімі радкамі пачынаецца вядомы твор Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» пра лёс кантрабандыстаў, або як іх называлі тут, перамытнікаў. Давайце акунемся і мы ў жыццё кантрабандыстаў:

«Сяргей Пясецкі ў той час, як і многія іншыя зараблялі тым, што перапраўлялі за мяжу, яшчэ тады не вельмі трывалую, тавары. З савецкага боку – гэта была футра, золата, з польскага боку на тэрыторыю савецкай Беларусі перапраўлялася мануфактура», – кажа аўтар біяграфіі Сяргея Пясецкага Пётр Рагойша.

«Самае галоўнае, што ў рамане «Каханак Вялікай мядзведзіцы» можна пазнаваць асобаў, якія жылі ў гэты час, можна пазнаць вуліцы, мясціны. Дарэчы месца, каля кога мы знаходзімся, гэта кавярня, раней была рэстарацыя ў «У гінты»», – кажа арганізатарка фэсту Юлія Мякінка.

«Ён вельмі папулярны і ў Польшчы і тут у Беларусі. З сённяшняга дня ўсе будуць ведаць, што ён з Ракава. Паколькі кожны ўязджаючы будзе зацікаўлены пабачыць што гэта такое», – мяркуе амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Сапраўднае свята культураў атрымалася сёння ў Ракаве. Кнігі, квэсты, музыка і танцы. І нават часовая адсутнасць электрычнасці не сапсавала настрою наведнікаў.

Наста Кахановіч, «Белсат»