Аб'ектыў 18.09.2018 Пуцін: Збіццё расейскага Іл-20 над Сірыяй – ланцужок трагічных выпадковасцяў


У версіі расейскага камандавання наконт таго, як быў збіты самалёт-выведнік ІЛ-20, адразу бачныя пэўныя несупадзенні, якія не пакідаюць сумневу: усё было не так, як нам у Маскве распавялі. Вось як у Мінабароны апісваюць палёт ізраільскіх знішчальнікаў.

Ігар Канашэнкаў, афіцыйны прадстаўнік Мінабароны РФ:

«Заход на цэлі ажыццяўляўся на малой вышыні з боку Міжземнага мора. 0030 Прыкрываючыся расейскім самалётам, ізраільскія пілоты падставілі яго пад агонь сродкаў СПА Сірыі».

А вось што прадстаўнік Мінабароны кажа пра расейскі Іл-20:

«Ізраільскія сродкі кантролю палётамі ды ізраільскія пілоты Ф-16 не маглі не бачыць расейскага самалёта, бо ён заходзіў на пасадку з вышыні 5 кіламетраў».

Атрымліваецца, ізраільскія пілоты былі на малой вышыні, а Іл-20 – на 5-ці кіламетрах. Як пры такой вертыкальнай адлегласці ізраільскія самалёты маглі «прыкрывацца» расейскім «Ілам», незразумела. Да таго ж, у Міністэрстве абароны кажуць, што Ізраіль папярэдзіў пра ўдар за адну хвіліну да пачатку, і калі б расейскі бок ведаў пра атаку загадзя, то Іл-20 змаглі б адвесці ў бяспечнае месца.

Юльюш Сабак, адмысловец у пытаннях абароны (DEFENCE24.PL):

«Гэта вядомы факт, што ізраільскія самалёты ўжо пэўны час атакуюць цэлі ў Сірыі ды часцей за ўсё робяць гэта з боку Міжземнага мора, каб не залятаць у варожую паветраную прастору. Ведаючы гэта, Расея не павінная высылаць у той рэгіён гэткі вялікі ды павольны самалёт без паветранага прыкрыцця знішчальнікаў».

Пытаннем застаецца і тое, чым займаліся аператары знакамітых расейскіх супрацьпаветраных комплексаў С-400, дыслакаваных ля авіябазы Хмэймім, якія могуць пабачыць паветраную цэль за 300 кіламетраў і якіх ад месца атакі ізраільскіх знішчальнікаў дзяліла ўсяго 30–40 кіламетраў. Ці яны таксама не бачылі набліжэння ізраільскіх Ф-16 і не маглі папярэдзіць пілотаў «Ілу»? Юльюш Сабак, адмысловец у пытаннях абароны (DEFENCE24.PL):

«Незразумела, чаму каардынацыя дзеянняў паміж сродкамі супрацьпаветранай абароны ды авіяцыяй не спрацавала. Гэта ж базавая ўмова арганізацыі палётаў. Цяжка вызначыць, што паслужыла гэтаму віною: нізкі ўзровень падрыхтаванасці сірыйскіх вайскоўцаў ці старое абсталяванне. Бо комплекс С-200 быў пастаўлены на ўзбраенне ў 60-ыя. І сірыйцы, хутчэй за ўсё, стралялі ім «усляпую». І ў дадзеным выпадку гэта скончылася смерцю 15 расійскіх вайскоўцаў».

Да таго ж Іл-20 – самалёт-выведнік. На яго борце ёсць магутны радар, оптыка-лакацыйныя станцыі ды комплекс сродкаў радыёвыведкі. Усё гэта дазваляла экіпажу збітае машыны ўласнымі сіламі даведацца пра набліжэнне ізраільскіх самалётаў, пакінуць небяспечны рэгіён і папярэдзіць сірыйскіх саюзнікаў аб набліжэнні пагрозы. Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аналітык:

«Ён мог засекчы, але што ён мог зрабіць? Гэта карова, гэта самалёт 60-х гадоў распрацоўкі. Яго крэйсерская хуткасць – 600 км/г, а рэактыўныя маюць хуткасць 2000 км/г. Яны маглі зблізіцца так хутка, што ён не паспеў нічога зрабіць».

Як вынік можна канстатаваць адсутнасць каардынацыі паміж расейскімі ды сірыйскімі войскамі ў пытаннях бяспекі. Страляць у кірунку расейскага самалёта сірыйскія зенітчыкі маглі толькі не ведаючы, што там гэты саюзнік ёсць. А таму і перакладваць адказнасць на Ізраіль, як гэта робіць Масква, не вельмі прадукцыйна. Хутчэй Міністэрству абароны варта было б шукаць вінаватых сярод сваіх працаўнікаў, адказных за арганізацыю і бяспеку палётаў.

Ігар Кулей, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары