Прыватызацыі прадпрыемстваў быць. Але толькі са слоў Лукашэнкі


Улады абвесцілі пра чарговыя спробы прыватызаваць стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы пры дапамозе Сусветнага банку. Што сабралася аддаваць дзяржава ў прыватныя рукі, і ці насамрэч нашыя прадпрыемствы цікавыя замежным інвестарам?

«Крыён» – адное з чатырох прадпрыемстваў, выстаўленых на адкрыты конкурс для прыватызацыі. Улады Беларусі спадзяюцца, што замежныя інвестары прыйдуць і выратуюць, мякка кажучы, не самыя прыбытковыя структуры. Толькі ці трэба інвестарам такое шчасце?

Разам з «Крыёнам» Нацыянальнае агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі шукае інвестараў для адкрытых акцыянерных таварыстваў «Стужка», «8 Сакавіка» і «Лакафарба». Усе з іх маюць запазычанасці. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Можа, з восем гадоў таму было пяць пілотных праектаў з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Былі нейкія менскія прадпрыемствы – нічым гэта не скончылася. Было чатыры прадпрыемствы з Расеі – таксама нічога. Таму пачатак пошуку нейкага інвестара – гэта не значыць, што будзе прыватызацыя».

Як адзначаюць эксперты, улады, хоць і запрашаюць замежных інвестараў ды заяўляюць пра сваю адкрытасць да прыватызацыі пэўных дзяржаўных актываў, часта выстаўляюць заведама невыканальныя ўмовы: захаванне кантрольнага пакету акцыяў, забарону на кадравыя скарачэнні, а таксама рэгламентаваны аб‘ём інвестыцыяў. Фактычна, ад інвестараў патрабуюцца грошы, а кіраваць працягне дзяржава.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Каб народ, дзяржава, ад гэтай прыватызацыі атрымлівала тое, што яна павінна атрымліваць».

Цікавыя і прапанаваныя актывы. Гэтак, «Лакафарба» займае 27 адсоткаў айчыннага рынку лакафарбавых матэрыялаў, аднак пры гэтым летась зафіксавала чыстую страту амаль на 19 мільёнаў рублёў! У параўнанні з 2016 годам страты выраслі больш, чым у восем разоў. А яе доўгатэрміновыя абавязкі па крэдытах і пазыках летась сягалі 84 мільёнаў рублёў. Прыбыткі ж фабрыкі трыкатажу «8 Сакавіка» за год скараціліся ў 23 разы. Сапраўды, дзяржаўнае кіраванне правалілася? Жыхары Менску каментуюць:

«Вядома, трэба прыватызаваць. Дзяржава павінна ствараць усе ўмовы для гэтага».

«Вядома, прыватызаваць патрэбна. Можа быць, не самыя буйныя. Таму што на прыватызаваных прадпрыемствах эфектыўнасць лепшая».

«Прыватызацыю таксама трэба праводзіць. Гаспадар будзе больш рэнтабельным».

«Калі дзяржава сама не можа ўтрымліваць прадпрыемства, каб вытворчасць развівалася, трэба аддаваць людзям».

Але ж нават калі інвестыцыі ўсё ж прыходзяць, яны не заўжды прыносяць поспех для прадпрыемства ды інвестара. Напрыклад, кіраўнік аўстрыйскай кампаніі ATEC Holding GmbH Аляксандр Мураўёў, які вырашыў «падымаць» менскі Мотавелазавод, не толькі ў выніку страціў прадпрыемства, але і адправіўся за краты на 11 гадоў. Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса, тлумачыць:

«Беларусь лічыцца краінаю з велізарнымі інвестыцыйнымі рызыкамі, дзе могуць, напрыклад, заднім чыслом прыняць нейкія палажэнні, пераглядзець вашую імпартную пазіцыю, і вы трапіце ў сітуацыю, калі вы самі будзеце яшчэ вінныя дзяржаве. Таму я лічу, што прыватызацыя ў такіх умовах нерэальная, яна ёсць рыхтаваннем да наменклатурнага размеркавання актываў».

Паводле адмыслоўцаў, слабы інстытут прыватнай уласнасці ў Беларусі ў прынцыпе не дае спадзяванняў на прыцягненне нейкіх сур’ёзных замежных кампаніяў. Таму заявы ды запрашэнні з афіцыйных кабінетаў гучаць пераканаўча, пэўна, толькі для іх аўтараў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu