Аб'ектыў 26.01.2017 Прысуд у справе ўдушэння чадным газам: трагедыя можа паўтарыцца


Чатыры гады гэтак званай «хіміі» – за тое, што «не вызначылі няспраўнасці, хоць маглі»

У Барысаве вынеслі прысуд у справе леташняй трагедыі: шасцёра чалавек, якія жылі ў старэнькай хрушчоўцы, атруціліся чадным газам. Вінаватымі прызналі слесараў – яны выязджалі на рамонт за месяц да трагедыі, але пагрозы выцеку газу не выявілі. Адвакат асуджаных мае намер аспрэчваць рашэнне суда.

«Ні суд, ні следства не пачулі нас, ці не хацелі пачуць, адназначна лічым, што віны нашай у гібелі гэтых людзей няма», – зазначыў Ігар Іваноў.

Паводле следства, працаўнікі «Барысаўгазу» не выявілі парушэнняў у працы воданагравальнай калонкі, своечасова яе не пачысцілі, што і прывяло да выцеку газу.

Аднак галоўны інжынер Менскаблгазу ўпэўнены: прычынай смерці стала не бяздзеянне слесараў, а непрацоўная сістэма дымавыдалення і вентыляцыі ў доме.

«Пра гэта сведчаць тыя выпадкі, якія і зараз паўтараюцца ў гэтым доме і за год следчых дзеянняў нічога не было прадпрынятае, каб гэтую сістэму прывесці ў парадак», – упэўнены Сяргей Курашэвіч.

Жыхары дому № 4 на вуліцы Дзянісаўская, дзе ўласна адбылася трагедыя, таксама пацвярджаюць: чадны газ працягвае ісці ў кватэры. Сваячка загінулых упэўненая, што вінаватыя не слесары, а іншыя людзі…

«Правяральнікі, якія правяраюць вось гэтыя каналы і вентыляцыі, то бок яны не правяраюць – галачку паставілі і ўсё на гэтым. Хай яны па кожнай кватэры пройдуцца, кожны паставіць свой подпіс: у мяне праверылі», – узгадвае нявестка загінулых.

Паводле прысуду, Менскаблгаз мусіць сплаціць сваякам памерлых больш за Br 120 рублёў маральнай кампенсацыі – паводле галоўнага інжынера, гэтае рашэнне яны таксама будуць аспрэчваць.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: TUT.BY

Глядзі таксама
Каментары