Прыадчыненыя дзверы ў Еўропу


Аляксандр Лукашэнка мае паехаць у Парыж. Такую інфармацыю атрымаў наш тэлеканал. Афіцыйнага ні «так», ні «не» пакуль няма. Але нібыта на запрашэнне самога прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона. Калі візіт адбудзецца – можна будзе казаць пра пераломны крок на дыпламатычным фронце.

Найчасцей Аляксандр Лукашэнка ездзіць на Усход. І паціскае рукі аўтарытарным лідарам. Але раптам…

«У час нашага візіту ў Парыж у нас была сустрэча ў Нацыянальнай асамблеі Францыі, і дэпутат Крыстоф Лежэн, ён жа прэзідэнт групы беларуска-французскага сяброўства, адзначыў, што прэзідэнт Францыі запрасіў беларускага кіраўніка на адзначэнне стагоддзя заканчэння Першай сусветнай вайны», – распавядае журналістка Вольга Чайчыц

Урачыстасці будуць знакавыя, але не персанальна для Лукашэнкі: прысутнічаць у Парыжы маюць дзясяткі кіраўнікоў краінаў (у тым ліку Доналд Трамп і, магчыма, Уладзімір Пуцін), сняданак у Елісейскім палацы ды адкрыццё Форуму міру.

«Я спадзяюся, што неяк урэшце памірацца адно з адным, і будзе лепш».

«Трэба ехаць. Як бы там ні было. Затое гонару ў яго будзе вунь колькі».

«У свеце ў асноўным ідзе тэндэнцыя, што ўсё супраць Расеі. А ён сябар Расеі, першы, будзем так казаць».

«Хацелася б спадзявацца, што гэта паляпшэнне дачыненняў з Еўразвязам».

У абмен на меркаванае паляпшэнне Захад прыкрывае вочы на парушэнні правоў чалавека, смяротнае пакаранне, пераслед незалежных журналістаў.

«Еўразвязу найперш патрэбная Беларусь – Беларусь, якая з’яўляецца незалежнаю, якая супрацоўнічае з Захадам. І дзеля гэтага Захад гатовы таксама ў той ці іншай ступені весці дыялог з уладамі», – лічыць палітолаг Алесь Лагвінец

Дыялог ідзе хвалямі: то ацяпленнем, то пахаладаннем. Знакавая «размарозка» у 2010-ым годзе скончылася крывавым разгонам Плошчы пасля выбараў. Але забылася і гэта, і чарговыя парушэнні правоў чалавека. У 2015-ым Аляксандр Лукашэнка стаўся міратворцам у перамовах пра вайну ва Украіне і прымаў у сваім палацы нямецкую канцлер ды яшчэ былога прэзідэнта Францыі. Былі і іншыя візіты. Цяпер Захад ізноў у фазе наступання на граблі сяброўства. Хаця летась на запрашэнне для Лукашэнкі ў Брусель прыехаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей. Ці з Парыжам будзе інакш? Пад тэлефонам прэсавае службы МЗС нас чакаў кароткі адказ.

«Ведаеце, у нас толькі прэсавы сакратар мае права даваць каментары. Увогуле, у прынцыпе мы не каментуем для нашага галавы дзяржавы», – адказалі нам у прэсаай службе МЗС.

А вось ні сам прэс-сакратар ведамства, ні служба Адміністрацыі прэзідэнта не былі дасяжныя на нашыя тэлефанаванні.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»