Прэм'ер Румаc загаварыў пра скарачэнні бюджэтнікаў


Чарговыя скарачэнні бюджэтнікаў плануе ўрад. Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас даў даручэнне Міністэрству фінансаў прааналізаваць, што адбываецца ў бюджэтнай галіне, і не выключае чарговай аптымізацыі, то бок скарачэння працаўнікоў. Пра гэта ўрадовец заявіў напярэдадні ў часе нарады аб бюджэце на наступны год. Чым выкліканыя гэтыя крокі ды як могуць адбіцца на беларусах?

Рэкордны рост паказалі летась заробкі дзяржаўных службоўцаў. Іхныя прыбыткі павялічыліся больш як на траціну і перавысілі ў сярэднім тысячу рублёў на месяц. Паводле ўладаў, учыніць гэта ўдалося дзякуючы маштабнаму скарачэнню працаўнікоў дзяржаўнага апарату.

У прыватнасці, колькасць працаўнікоў адміністрацыі прэзідэнта скарацілася летась, паводле афіцыйных звестак, на 20%. Новапрызначаны прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас не выключыў, што пашырыць падыход на ўсіх работнікаў бюджэтнай галіны. А сюды ўваходзяць дактары, настаўнікі ды міліцыянты. Каго перадусім варта скарачаць? Мы спыталіся меркавання жыхароў Менску. Вось што яны сказалі:

«Перадусім, трэба скараціць колькасць праваахоўных органаў, якіх празмерна шмат у нашай краіне».

«Перадусім, чыноўнікаў, вядома. Можа быць, сілавікоў яшчэ».

«У бюджэтнай галіне вельмі шмат кіроўных пасадаў, якія не выконваюць мне зразумелую функцыю».

«У складзе настаўнікаў і медыкаў – у іх вельмі шмат праблемаў з колькасцю працоўных месцаў. То бок, калі хочуць скарачаць гэтыя галіны, то гэта – адназначна, кепскі варыянт».

Паводле планаў ураду, налета заробкі бюджэтнікаў павінны расці хутчэй, чым у астатніх галінах эканомікі, і дасягнуць 80 % ад сярэдняга заробку. Цяпер гэта толькі 76 %. Колькі людзей для гэтага прыйдзецца скараціць, цяпер разбіраецца Міністэрства фінансаў, паведаміў Сяргей Румас. Каго ж закрануць скарачэнні?

«Улічваючы, што гаворка ішла пра бюджэтнікаў, можна дапусціць, што вядзецца пра адукацыю, пра медыцыну, пра спорт, турызм», – мяркуе дырэктар школы маладых менеджараў «SYMPA» Наталля Рабава.

Паводле колькасці работнікаў на душу насельніцтва, міліцыя Беларусі ўваходзіць у пяцёрку сусветных лідараў. Медыцына – таксама. Але аплата тых і другіх – непараўнальная. Гэтак, на сілавыя органы Менск траціць больш за паўтара адсотка ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта прыблізна столькі ж, колькі і краіны Еўразвязу. Але калі на медыцыну еўрапейцы трацяць у чатыры разы больш, чым на сілавікоў, а на адукацыю – утрая больш, то ў Беларусі органы ўнутранай бяспекі, наадварот, атрымліваюць больш фінансавання, чым дактары і настаўнікі разам узятыя. Пры гэтым выдаткі на замежную бяспеку, то бок войска, у Беларусі – найніжэйшыя ў рэгіёне.

«Хутчэй за ўсё, залішняя занятасць можа быць акурат у сілавых структурах, у прыватнасці – у органах унутраных спраў», – кажа старэйшы аналітык «Al Pari» Вадзім Іосуб.

Пры гэтым, паводле даследаванняў выдання «Ежедневник» і праекту «Кошт ураду», леташняя аптымізацыя чыноўнікаў шмат дзе насамрэч была фіктыўная. Іх не звальнялі, а проста пераводзілі з дзяржаўнага апарату ў іншыя бюджэтныя сектары – ствараючы новыя рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы. Настаўнікаў жа і дактароў звальненні могуць закрануць насамрэч. Між тым, у галіне адукацыі кадравая сітуацыя ў Беларусі ўжо значна горшая, чым у міліцыі ды медыцыне. Паводле колькасці настаўнікаў на душу насельніцтва мы пяцідзясятыя ў свеце.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Maxim Guchek/BELTA/TASS/ Forum