Аб'ектыў 08.12.2017 Прэм’ер на экспарт. Ці складзецца ў Лукашэнкі і Маравецкага?


Яшчэ ўчора ў рэзідэнцыі польскага прэм’ера гаспадыняй была Бэата Шыдла. Познім вечарам яна падала ў адстаўку. А кандыдатам на новага гаспадара гэтай рэзідэнцыі і прэмʼера Польшчы абвешчаны Матэўш Маравецкі.

Бэата Шыдла развітвалася і падзякавала ў польскім Сейме

«Я ганаруся тым, што ўрад [партыі] «Закон і справядлівасць» вярнуў веру палякам у польскую дзяржаву, вярнуў годнасць польскім семʼям, а перш за ўсё тое, што Польшча гэтак выдатна развіваецца», – зазначыла былая прэмʼер-міністр.

Менавіта з прэмʼерам Шыдлай кіроўная сёння ў Польшчы партыя «Закон і справядлівасць» выйграла парламенцкія выбары і па-ранейшаму мае больш за 40 % грамадскага падтрымання. Таму не ўсе разумеюць рашэнне арганізацыі змяніць прэмʼера.

«Я ўдзячны спадарыні прэм’еру Бэаце Шыдле за выдатныя два гады. Але гэта небяспечны сігнал, які кажа пра тое, што партыя «Закон і справядлівасць» жадае ісці ліберальным шляхам, а не шляхам сацыяльнага падтрымання», – зазначыў Пётр Дуда, кіраўнік прафсаюзу «Салідарнасць».

Пра што кажа Дуда?

Тут намёк на тое, што віцэ-прэмʼер, а сёння і кандыдат на прэмʼера Матэўш Маравецкі – міністр фінансаў і развіцця. Палітык кіраваў банкам, а некалі быў дарадцам Дональда Туска – тады лідара сённяшняй апазіцыйнай партыі «Грамадзянская платформа», а цяпер – старшыні Еўрапейскае Рады. Таму 49-гадовы прэмʼер можа заняць пазіцыю ліберальнага фінансавага менеджара.

«Спадар прэмʼер здолее паклапаціцца аб фінансах дзяржавы, бо за больш як два гады вы як віцэ-прэмʼер гэта паказалі. Таксама вы атрымалі неабходны досвед. Упэўнены, што гэтая місія будзе добра рэалізоўвацца», – звярнуў увагу прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Стасункі з Беларуссю

Ягоны шлях – інвестыцыі, інавацыі ды экспарт. Кандыдат на прэмʼера бегла размаўляе па-нямецку і ангельску, разумее расейскую. І жаданне будаваць супрацу на ўсход ад Варшавы ўжо выказваў у Беларусі. 24-га кастрычніка мінулага года віцэ-прэмʼер Матэўш Маравецкі наведаў Менск у межах паседжання супольнай беларуска-польскай камісіі эканамічнай супрацы.

«Беларусь вельмі добра знаёмая з усходнім рынкам, рынкам Еўразійскага саюзу. А Польшча ўжо шмат гадоў – чалец Еўразвязу. Можам узаемна быць выдатнымі партнёрамі ў транзіце, гандлі, у шырокім гаспадарчым спектры», – казаў тады імаверна будучы прэмʼер-міністр Польшчы.

Тады прайшлі сустрэчы як з беларускім віцэ-прэмʼерам Міхаілам Русым, гэтак і з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Калі мы разлічваем на больш цесныя адносіны з нашай бліжэйшай суседкай, якой з’яўляецца Польшча, нам, вядома ж, трэба ствараць падмурак гэтых адносінаў. І, вядома, падмуркам гэтых адносінаў можа быць толькі эканоміка», – акрэсліў межы Лукашэнка.

Аднак моцная эканоміка не заўсёды звязаная з папулярнымі рашэннямі. За новага прэмʼера польскі парламент будзе галасаваць ужо ў аўторак. Таксама чакаюцца і замены міністраў. Аднак не раней за студзень.

Сяргей Падсасонны, «Белсат», фота: Krystian Maj / Forum

Глядзі таксама
Каментары