Амерыканскі тэлеканал CNN паведаміў пра адстаўку спецпрадстаўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў справах Украіны Керта Волкера. Медыі звязваюць падзею са скандалам, які выклікала абнародванне Белым домам стэнаграмы ліпеньскай тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Доналда Трампа і Уладзіміра Зяленскага.
«Гэта працяг палявання на вядзьмарак. Гэта найгоршае паляванне на вядзьмарак у палітычнай гісторыі», – каментаваў справу прэзідэнт Доналд Трамп 24 верасня.
У тэлефоннай гутарцы Трамп прасіў украінскага калегу расследаваць дзеянні Джоў Байдэна – патэнцыйнага кандыдата ад дэмакратаў на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе.
«Людцы, у нас ёсць прэзідэнт, які парушыў прысягу. Прэзідэнт, які паставіў пад пагрозу нашую нацыянальную бяспеку. Прэзідэнт, які, магчыма, калі так вызначыць Кангрэс, здзейсніў злачынства», – заявіў былы віцэ-прэзідэнт ЗША (Дэмакратычная партыя) Джоў Байдэн.
У сераду Кангрэс распачаў працэдуру імпічменту прэзідэнту з прычыны меркаванага ціску на Украіну.
«Я думаю, і вы маглі гэта прачытаць, што ніхто ні да чаго мяне не штурхаў», – казаў падчас сустрэчы з Доналдам Трампам 25 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«Іншымі словамі, ніякага ціску не было», – пацвердзіў прэзідэнт Доналд Трамп.
Дэмакраты з Кангрэсу запатрабавалі ад дзяржсакратара Майкла Пампэёў выдаць дакументацыю, датычную кантактаў з украінскім урадам.
«На наступным тыдні мы будзем збіраць сведчанні, мы плануем правесці слуханні як мага хутчэй», – распавёў кангрэсмэн-дэмакрат з Каліфорніі Эдам Шыф.
У асяроддзі рэспубліканцаў на закіды дэмакратаў адказваюць наступнае:
«Гэта спроба дзяржаўнага перавароту з боку людзей выведкі. Там абсалютна нічога такога няма. Гэта і блізка нельга параўноўваць з тым, што прэзідэнт Абама сказаў Мядзведзеву: «Распавядзі Пуціну, што я буду шчыльней супрацоўнічаць пасля выбараў», – заявіў кангрэсмэн-рэспубліканец з Нью-Ёрка Пітэр Кінг.
Пра пачатак працэдуры імпічменту прэзідэнта аб’явіла спікерка ніжняй палаты Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлоўсі. У пятніцу ж у каментары тэлеканалу MSNBC яна сцвердзіла, што да скандалу вакол тэлефоннае размовы Зяленскага і Трампа можа мець дачыненне Расея. Масква абвінавачанні адкідае.
«Улічваючы, што менавіта Нэнсі Пэлоўсі раздзьмула «скандал вакол тэлефоннае размовы прэзідэнтаў ЗША і Украіны», то, паводле логікі спікера, руку Расея прыклала менавіта да яе», – напісала ў сваім фэйсбуку прэс-сакратар МЗС Расеі Марыя Захарава.
Меркаванні амерыканцаў наконт імпічменту Доналду Трампу падзяліліся папалам, з невялікай перавагай праціўнікаў прэзідэнта. Паводле апытання газеты «The Hill», 49 адсоткаў падтрымлівае адхіленне Трампа ад улады, у той час як 46 адсоткаў ставяцца да гэтай ініцыятывы адмоўна.
Вітаўт Сіўчык belsat.eu