Праз пару месяцаў сярэдні заробак у Беларусі будзе $ 500


Да запаветных пяцісот засталося няшмат. У чэрвені сярэдні заробак па Беларусі быў ужо $ 432. Калі выплаты працоўным працягнуць расці такімі тэмпамі і надалей, то могуць дасягнуць абяцанай Лукашэнкам лічбы ў наступным годзе. Прынамсі на паперы.

Эканамічны рост – вынік паразітавання

Існае ажыўленне беларускай эканомікі ёсць адлюстраваннем небывалага за апошнія 10 гадоў эканамічнага падʼёму ў свеце. Рухавіком гэтага аздараўлення выступаюць краіны Еўразоны, такія, як Нямеччына, Францыя, Італія ды Іспанія. Сярод іншага, яны спажываюць больш нафты і нафтапрадуктаў, якія Беларусь ды Расея экспартуюць на захад. Расея, у выніку, мае больш грошай на набыццё беларускае тэхнікі. Беларускі эканамічны рост, аднак, адстае ад сусветнага ў разы – праз тэхналагічную адсталасць нашае краіны.

«Калі для ЗША і Еўразоны рост у межах 2 % гэта – вельмі добра, то для такой краіны як Беларусь рост меншы, чым 3-4 % гэта – паталагічнае адставанне ад астатняга свету», – даводзіць эканаміст Леанід Фрыдкін.

Паводле прадуктыўнасці працы, адстаем ад развітых краінаў у 5 разоў

У выніку, хоць заробкі і павялічваюцца на шэрагу прамысловых гігантаў, у энергетыцы ды некаторых іншых галінах, але бальшыня апытаных намі жыхароў Менску паляпшэння не адчулі.

Заробак $ 500 долараў за месяц будзе дасягнуты ў снежні

Запаветныя пяць франклінаў кожны сярэдні працаўнік атрымае дзякуючы прэміям або гэтак званаму трынаццатаму заробку. Але трывалага замацавання гэтага ўзроўню напэўна не будзе.

У прадпрыемстваў проста не хопіць грошай для такога павелічэння заробкаў. Для гэтага трэба вельмі істотны рост выручкі, які прадпрыемствы, пры існай канʼюнктуры замежных і ўнутранага рынку, забяспечыць не могуць», – падсумоўвае спадар Фрыдкін.

Істотная роля ў сёлетнім павелічэнні заробкаў прыйшлася на скарачэнне працоўных месцаў. З пачатку года ўлады звольнілі на 33 тысячы чалавек болей, чымся прынялі на працу.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum