Правы чалавека: не горай, не лепш – але інакш


Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» падрыхтавала для Камітэту правоў чалавека ААН справаздачу аб сітуацыі ў Беларусі. Вынікі традыцыйныя – дасюль існуюць праблемы, афіцыйны Менск не рухаецца ў пытанні правоў чалавека насустрач цывілізаванаму свету, але пэўныя змены ёсць.

Улады Беларусі працягваюць парушаць права на мірныя сходы – толькі ўчора стала вядома пра затрыманне дзвюх асобаў пасля флэшмобу ў Светлагорску, у краіне не дзейнічае напоўніцу свабода аб’яднанняў – згадайма нядаўнюю справу прафсаюзу РЭП, бясконцы ціск на медыі – наш тэлеканал тут ці не самы яскравы прыклад, і спробы кантраляваць інтэрнэт-прастору. Гэта галоўныя палажэнні справаздачы «Міжнароднай амністыі». Такіх дакументаў у афіцыйнага Менску хопіць на цэлую бібліятэку.

«Мы не бачым рэальнага працэсу імплементацыі гэтых рэкамендацыяў, яны, на жаль, застаюцца на паперы. А хацелася б, каб да іх улады ўсё ж прыслухоўваліся, бо ўвесь комплекс рэкамендацыяў адлюстроўвае балючыя кропкі, якія ў краіне ёсць», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Гэтая справаздача стала своеасаблівым адказам на справаздачу афіцыйнага Менску пра палажэнні Акту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Беларусь з 1997 года не складала такога дакументу перад ААН. За гэты час праблемаў толькі паболела.

«У дзевяноста сёмым годзе відавочна не была актуальнай праблема кантролю сеціва, бо проста інтэрнэт не быў так распаўсюджаны, але цяпер мы гаворым пра тое, што прапаноўваюць унесці закон аб СМІ, уся гэтая ідэнтыфікацыя каментатараў – то бок новыя праблемы», – дадае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

З навейшых выпадкаў – гэтак званая справа БелТА. Жнівеньскія ператрусы і арышты журналістаў. Паводле беларускіх адмыслоўцаў, сітуацыя з правамі чалавека за апошнія пяць гадоў у нашай краіне не тое каб пагоршылася, але і не палепшылася.

«За апошнія пяць гадоў мы не маем гучных палітпрацэсаў і палітвязняў, але ж наступ на правы і грамадзянскія свабоды працягваецца – гэта бізнес, гэта, напрыклад, і парушэнні правоў чалавека, звязаныя і з крымінальнымі працэсамі, напрыклад, распаўсюд наркотыкаў», – узгадвае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

«Міжнародная амністыя» разглядала перыяд з 2013 да 2018 года. Час чарговага пацяплення ў дачыненнях з Захадам, які традыцыйна называюць «лібералізацыяй». Палягае яна збольшага на адсутнасці новых палітвязняў. Пры тым, што рэальных зменаў у іншых сферах няма, чаму працягваецца пацяпленне?

«Правы чалавека ў дэкларатыўнай рыторыцы заўсёды стаяць на першым месцы, але гэта ў дэкларатыўнай рыторыцы. Рэальныя стасункі паміж дзяржавамі будуюцца на цалкам прагматычных падставах. І таму стасункі з Беларуссю шмат у чым тлумачацца геапалітычным станам Беларусі ды яе дачыненнямі з Расеяй», – кажа філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Выглядае на тое, што пакуль рэпрэсіі афіцыйнага Менску не перакрочваюць пэўную, даволі рухомую – у залежнасці ад геапалітычнай абстаноўкі – мяжу, то і абурэнне парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі застанецца на ўзроўні канстатацыі фактаў.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu