Праца ў Беларусі – будзе толькі горш


230 тысяч беларусаў не жадаюць станавіцца на ўлік па беспрацоўю. Пра гэта сведчаць дадзеныя з выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, якія апублікаваў штогадовы бюлетэнь «Працоўныя рэсурсы і занятасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Тым часам беспрацоўных у працаздольным узросце ў нашай краіне – каля паўтара мільёна, сведчыць Белстат. Аднак адмыслоўцы сцвярджаюць, што нават гэтыя лічбы – заніжаныя.

Афіцыйнае беспрацоўе стабільна зніжаецца. Сёлета ў траўні людзей, зарэгістраваных у цэнтрах занятасці, паменела на чвэрць у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года – да 54 тысячаў чалавек. Але нават афіцыйная статыстыка ўжо прызнае, што насамрэч беларусаў, якія не могуць знайсці сабе працу – у разы больш.

Паводле апытання хатніх гаспадарак за мінулы год, Статыстычны камітэт, апроч афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных, налічыў 230 тысячаў беларусаў, якія актыўна шукаюць працу, але не могуць яе знайсці.

«Калі браць афіцыйную статыстыку, якая кажа, што беспрацоўных да 5%, то разы ў тры, я мяркую, можна казаць, што гэтая лічба павінна павялічыцца», – адзначае старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў Аляксандр Бухвостаў.

Апроч пералічаных групаў, паводле Белстату, у краіне жыве 1,4 млн чалавек у працаздольным узросце, якія не працуюць, але і не беспрацоўныя, бо не шукаюць працы, прынамсі – на радзіме. Больш за палову з іх гэта – студэнты і жанчыны ў дэкрэце. Больш за 90 тысячаў займаюцца хатняю гаспадаркай. Дваццаць з лішнім тысячаў жыве дзеля свайго задавальнення, бо не мае патрэбы ў штодзённым зараблянні на хлеб. А яшчэ 80 тысячаў чалавек – працуе за мяжою. Даследчык пытанняў міграцыі, заснавальнік даследчага цэнтру «EAST» Андрэй Елісееў, аднак, сцвярджае, што афіцыйныя лічбы беларускіх працоўных мігрантаў – заніжаныя ў разы.

«З нашых ацэнак міграцыі ў Польшчу і Расею, колькасць кароткачасовых мігрантаў, якія працуюць за мяжой на працягу года, складае да 400 тысяч», – кажа Андрэй Елісееў.

Адмыслоўцы канстатуюць: экспарт працоўнай сілы – добра для краіны ў кароткатэрміновай перспектыве, бо стварае прыток валюты, якую гастарбайтары пасылаюць дадому. З 2015 года да 2016-га колькасць польскіх працоўных візаў, выдадзеных беларусам, павялічылася ўтрая. Гэта дапамагло стабілізаваць курс рубля ў часе крызісу. Але ў 2017 годзе, калі айчынная эканоміка вярнулася да росту, палякі выдалі беларусам яшчэ ўдвая больш дазволаў на працу, чым за год да гэтага. Адмыслоўцы асцерагаюць: гэтая тэндэнцыя – ужо небяспечная, бо становіцца прычынай дэфіцыту пенсійнага фонду ды выцеку мазгоў з краіны, падкошваючы яе канкурэнтаздольнасць.

«Шмат якія прафесіі – і лекары, і іншыя, выязджаюць за мяжу. Нават вось на заробкі», – адзначае Аляксандр Бухвостаў.

Міжнародныя крэдыторы ўказваюць на дзве асноўныя рэчы, якія значна пагаршаюць сітуацыю на рынку працы. Па-першае, субсідаванне неэфектыўнай занятасці на дзяржпрадпрыемствах. На сродкі, якія дзяржава выдаткоўвае на аднаго працаўніка, напрыклад, стратнага цэментнага заводу, прыватны сектар мог бы стварыць некалькі працоўных месцаў у гэтых ці іншых галінах. Другі шкодны чыннік – мізэрная дапамога па беспрацоўі. У выніку, чалавек які страціў працу, ня мае магчымасці вылучыць час на перакваліфікацыю, або пошук годнай вакансіяў. І, замест гэтага, з’язджае за мяжу.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы БелТА