Аб'ектыў 24.04.2017 Пратэст супраць АЭС ды супраць усяго! Чаго чакаць ад «Чарнобыльскага шляху»?


Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» заклікаюць беларусаў выказаць пратэст не толькі супраць будаўніцтва АЭС, але і патрабаваць ад уладаў эканамічных ды палітычных рэформаў.

Сталічныя ўлады дазволілі вечаровы час правядзення шэсця, маршрут застаўся такім жа, як у мінулыя гады. Апазіцыя мяркуе, што на фоне падзеяў ранейшых падзеяў гэтай пратэставай вясны, акцыя можа сабраць многа людзей.

Звыклы маршрут, але з невялікаю перамогай

Менскія ўлады змянілі час правядзення «Чарнобыльскага шляху» з 14-ай на 18-ую гадзіну, як таго патрабавалі заяўнікі акцыі, аднак не задаволілі просьбы правесці шэсце і мітынг па новым маршруце – ад тэатру оперы і балету да чарнобыльскай капліцы.

Аднак дазволіць мерапрыемства ды забяспечыць мірнае правядзенне акцыі – паняткі для ўладаў, як паказвае апошняя практыка, абсалютна розныя.

Ці чакаюць разгону?

«Пэўнасці ў гэтым пытанні ў мяне, на жаль, няма. Таму я буду заклікаць людзей улічваць нейкія патрабаванні закону ды мець на ўвазе, што паводзіны міліцыі могуць быць любымі», – зазначыў Юрась Меляшкевіч, адзін з арганізатараў.

Дзе? Калі? Як?

Збор удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху – 2017» распачнецца а 18-й гадзіне каля кінатэатру «Кастрычнік». Уласна самое шэсце стартуе па традыцыйным маршруце а 18:30 па ходніках праспекту Незалежнасці, вуліцах Сурганава і Арлоўская да плошчы Бангалор, дзе а 20-й гадзіне запланаваны мітынг і ўскладанне кветак каля памятнага знаку «Ахвярам Чарнобылю».

Заяўнікі сёлетняй акцыі маюць намер вылучыць да ўладаў два асноўныя патрабаванні – спыненне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы ды тэрміновая рэалізацыя праграмы ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Сённяшні Чарнобыльскі шлях адрозніваецца яшчэ і тым, што ён адбываецца на фоне сацыяльных пратэстаў, якія набіраюць сілу, набіраюць моц, таму кожная дазволеная, вырваная ў гарвыканкаме з баямі акцыя пратэсту – гэта шанец паказаць, што нязгодных у Беларусі не сотні, а тысячы ды нават дзясяткі тысячаў», – даводзіць сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

А таму арганізатары спадзяюцца на масавы «Чарнобыльскі шлях»

Заяўнікі акцыі маюць намер патрабаваць ад уладаў не толькі спынення будаўніцтва беларускай АЭС і правядзення эканамічных рэформаў, але і рэформаў палітычных, і ў першую чаргу – вызвалення ўсіх палітвязняў.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vadim Rymakov / ITAR-TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары