«Прапаную нашым дэпутатам сесці на велік і праехаць па бардзюрах»


Карыстацца роварам не проста як спартовым інвентаром ці для забавы, а як штодзённым транспартам – да гэтага заклікае менчукоў кампанія «На працу на ровары». Гэта ўжо чацвёртая такая імпрэза, сёлета яна праходзіць у межах Еўрапейскага тыдня мабільнасці. Раварысты, якіх раніцай сустрэлі актывісты Менскага роварнага таварыства, атрымалі ў якасці пачастунку яблыкі ды бананы.

Станіслава Кміт, актывістка Менскага роварнага таварыства, распавядае:

«Відаць, што ім падабаецца. Па-першае, з рэакцыі, якую мы бачым у адказ, калі мы раздаём садавіну. А па-другое, з колькасці людзей – я яшчэ ў мінулым годзе валанцёрыла, і відаць, што людзей шмат, што іх становіцца ўсё больш».

Краіны з найбольшай колькасцю раварыстаў на душу насельніцтва – гэта Нідэрланды, Данія і Нямеччына. Гэтак, у Нідэрландах 27 % усіх паездак адбываюцца на роварах! І ў сярэднім кожны жыхар гэтай краіны за дзень накручвае педалямі два з паловай кіламетры. У Беларусі толькі каля аднаго адсотка ўсіх паездак – на веласіпедзе.

Ігар Максіменка, актывіст Менскага роварнага таварыства:

«Калі выкарыстоўваць ровар як транспарт, досыць цяжка хутка трапіць з аднаго месца да іншага. Таму што паводле правілаў дарожнага руху нам забаранілі ездзіць па дарозе. А на тратуарах прыходзіцца спыняцца досыць часта».

З якімі яшчэ праблемамі сутыкаюцца тыя, хто ездзіць роварам штодня? Распавялі жыхары Менску:

«Я не скажу, што ўжо ўсё добра, але развіваецца».

«Я б проста прапанаваў нашым дэпутатам, за якіх мы галасуем, сесці на велік і праехаць па тых бардзюрах, якія яны пакідаюць».

«Не хапае добрых веладарожак. Канечне, хацелася б, каб яны былі, як на Нямізе».

Паводле, прынятай сёлета Нацыянальнай канцэпцыі развіцця веласіпеднага руху, у кожным горадзе пры адміністрацыі мусіць быць адпаведны каардынацыйны савет, адказны за развіццё веласіпеднай інфраструктуры. Аднак пакуль не ўсё працуе так, як напісана на паперы.

Анастасія Янчэўская, дырэктар Менскага роварнага таварыства, тлумачыць:

«Пакуль што абласныя гарады недзе адстаюць. І калі ў Менску ўжо масава ўводзяцца велапераезды, то ў іншых гарадах гэтага няма. Там узнікаюць простыя праблемы са стварэннем безбар’ернага асяроддзя. І калі Менск планамерна паніжае бардзюры, то абласныя гарады пакуль што пра гэта нават не хочуць чуць».

Разам з тым, як адзначаюць адмыслоўцы, у маленькіх гарадах і мястэчках людзі больш актыўна карыстаюцца роварамі з натуральных прычынаў – не такія вялікія дыстанцыі і меншая шчыльнасць трафіку. Агулам жа, колькасць аматараў двухколавага экалагічнага транспарту штогоду расце, хоць пакуль і не можа назвацца масавай з’явай.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фота: Sergei Bobylev / TASS / FORUM