Пра што Еўракамісар гаварыў з апазіцыяй і Лукашэнкам?


Спатканне з Аляксандрам Лукашэнкам было першым у межах беларускага візіту Ёганэса Гана. Традыцыйна на яго запрасілі толькі дзяржаўных журналістаў. А таму вядома пераважна тое, пра што казаў кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь, цытата, «катэгарычны прыхільнік існавання моцнага Еўразвязу». Але агучыў умовы, на якіх афіцыйны Менск гатовы паглыбляць супрацу.

«Вядома, без палітыкі не можа існаваць ні адна арганізацыя, але нельга дапусціць, каб Усходняе партнёрства стала выключна палітызаванай арганізацыяй», – зазначыў кіраўнік краіны.

З Лукашэнкам абмеркавалі непрыемныя тэмы

Ужо пасля спаткання на супольнай прэсавай канферэнцыі з кіраўніком МЗС Беларусі еўракамісар распавёў падрабязнасці размовы з Лукашэнкам. Гучалі пытанні, якія ўсцяж хвалююць Брусель і пра якія не любіць размаўляць афіцыйны Менск.

«Гэта такі статус кво, неабходная матрыца паводзінаў, накшталт таго, што вы прыходзіце да кагосьці ў дом і кажаце «добры дзень». Дык вось разам з «добры дзень» еўрапейскія чыноўнікі выказваюць заклапочанасць правамі чалавека і наяўнасцю смяротнага пакарання ў Беларусі», – тлумачыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Ёганэс Ган сустрэўся і з прадстаўнікамі апазіцыі

Фактычна гэтае спатканне скончыла менскі візіт еўракамісара.

«Мы агучылі ўсе праблематычныя тэмы апошніх дзён – пачынаючы ад ціску на незалежныя сайты, ціску на журналістаў тэлеканалу «Белсат» і заканчваючы тым, што ў нас праходзіць выбарчая кампанія, якую немагчыма назваць свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі», – пералічвае старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Пра ціск на незалежныя медыі пыталіся ўласна і самі журналісты. Карэспандэнтам «Белсату» ўдалося асабіста паразмаўляць з Ёганэсам Ганам.

«Я абмяркоўваў гэтае пытанне з усімі асобамі, з якімі сустракаўся сёння. І ўвесь час мы падкрэсліваем нашую пазіцыю ў гэтым ды іншых пытаннях – мы мусім дамагацца дыялогу, людзі мусяць мець магчымасць сесці за адзін стол і паразмаўляць. Я думаю, лепшага паразумення можна дамагчыся. Мы таксама прадэманстравалі нашую гатоўнасць спрыяць дыялогу паміж рознымі часткамі беларускага грамадства», – распавёў еўракамісар.

Юбілей БНР аб’яднае апазіцыю і ўлады?

Пра дыялог казалі і прадстаўнікі апазіцыі, якія прапанавалі ўладам Беларусі разам адсвяткаваць 100-годдзе незалежнасці. 25-га сакавіка плануецца правесці шэсце і мітынг у цэнтры сталіцы. Адпаведную заяўку аргкамітэт ужо скіраваў у Менскі гарвыканкам.

«Было добрай навіной, што нашая папярэдняя камунікацыя з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу наконт святкавання 100 гадоў дала плён. Хан ужо на сустрэчы з міністрам Макеем казаў пра гэта. Казаў, што было б важна, каб тут было паразуменне ўлады і апазіцыі», – падзяліўся палітык Анатоль Лябедзька.

Паразуменне замест сілы. Бо менавіта так было на Дзень Волі летась, калі міліцыя збіла і затрымала сотні ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі. А таму сёлетні Дзень Волі будзе чарговым выпрабаваннем для Аляксандра Лукашэнкі ды ягоных намераў мець добрыя дачыненні з Абʼяднанаю Еўропай.

Вольга Жарнасек, «Белсат»