Аб'ектыў 02.02.2016 Поспех беларусак на «LA Lights–2016»


Беларускія мастацкія гімнасткі вельмі рана распачалі новы сезон і надта далёка ад Радзімы. У Лос-Анджэлесе адбыліся першыя ў годзе міжнародныя спаборніцтвы «LA Lights–2016», якія не ўвайшлі ў афіцыйны каляндар Міжнароднай федэрацыі. Ад таго і прадстаўніцтва не было надта шырокім ды элітным.

Гэтым і скарысталася беларуская каманда, каб апрабаваць дзяўчат на гэткім старце, і ўзяла асобныя дывідэнды. Кацярына Галкіна заняла другое месца ў шматборʼі. Ува ўсіх чатырох практыкаваннях – з абручом, мячом, булавамі і стужкаю – 18-гадовая менская гімнастка паказвала другія вынікі. Яшчэ адная беларуска – Арына Шарапа – была трэцяю ў практыкаваннях з булавамі, а па суме ўсіх відаў сталася пятаю. Яшчэ тры нашыя дзяўчыны – Алена Балоціна, Ганна Бажко ды Марыя Трубач – размясціліся побач на месцах з 7-га да 9-га, адпаведна. Перамогу тут атрымала ўкраінка Ганна Рытадзінава. Нашая лідарка – Меліціна Станюта – пакуль траўмаваная.

Глядзі таксама
Каментары