Польскія парламентары з афіцыйным візітам у Беларусі


Дэлегацыя Польскай парламенцкай групы цягам апошніх трох дзён правяла сустрэчы ў шэрагу гарадоў Беларусі. Апрача перамоваў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў польскія парламентарыі наведалі Наваградак і Ліду, дзе сустрэліся з прадстаўнікамі польскай меншасці ды з мясцовымі ўладамі.

Абмяркоўвалі перадусім эканамічную супрацу

«У нашых адносінах неабходны комплексны падыход. Ёсць шмат розных тэмаў і спраў, важна, каб добрасуседскія адносіны і эканамічнае супрацоўніцтва развіваліся, але важна і каб беларускі бок шанаваў польскую меншасць», – патлумачыў Аркадыюш Мулярчык, дэпутат польскага Сейму.

Дэпутаты ўсклалі вянкі на месцы сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах

Не абышлося без размоваў пра палітыку. Прадстаўнікі апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці, якія таксама сустрэліся з польскімі дэпутатамі, выказалі занепакоенасць масавымі арыштамі, брутальным разгонам мірных дэманстрантаў на Дзень Волі і зʼяўленнем новых палітвязняў.

«Безумоўна, мы размаўлялі і пра гэта. Для нас гэта вельмі важная тэма. Да таго ж, нам вядома пра актыўнасць польскай амбасады, якая была вельмі заангажаваная і аказвала падтрымку тут, на месцы. Сваёй пазіцыі мы не змяняем», – падзяліўся Адам Андрушкевіч, сустаршыня польска-беларускай парламенцкай групы.

Сярод беларускіх удзельнікаў на сустрэчы прысутнічалі былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, лідар БНФ Аляксей Янукевіч, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

«Беларусы хацелі данесці, што ў нас паганая ўлада і што яна ўтрымліваецца рэпрэсіямі і не жадае ніякага пераўтварэння палітычнага ладу. Таму што змена палітычнага ладу значыць смерць для гэтай улады», – даводзіў Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Візіт супаў з антыпольскай прапагандай на беларускім ТБ

Візіт польскай дэлегацыі ў Беларусь супаў з выхадам прапагандысцкага фільма »Белы легіён чорных душ« на беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Між іншага ў ім прагучалі абвінавачванні на адрас Польшчы. Маўляў, Варшава рыхтавала баевікоў для перавароту ў Беларусі.

«Польская дзяржава не займаецца такой дзейнасцю, я толькі што даведаўся ад вас і цяпер наша МЗС будзе аналізаваць гэтую інфармацыю«, – падкрэсліў спадар Андрушкевіч.

«Гэта нейкая палітычная фантастыка», – дадаў Аркадыюш Мулярчык.

Тым не менш, польскія парламентарыі пакуль не даюць катэгарычных ацэнак, што да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і лічаць мэтазгодным працягваць дыялог з афіцыйным Менскам.

Кацярына Андрэеева, «Белсат»