Плошча-2010: якой яна была і што нам дала?


Плошча-2010 пачалася на Кастрычніцкай. Пасля закрыцця выбарчых участкаў людзі пачалі збірацца на мітынг апазіцыі. А 9-й гадзіне калона пратэстоўцаў выйшла на праспект і рушыла ў бок плошчы Незалежнасці, да Дому ўраду.

Да апошняга лета Плошча-2010 лічылася самай масавай акцыяй гэтага стагоддзя ў Беларусі. Тады на пратэст выйшлі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Людзі скандавалі «Сыходзь!», патрабуючы новых сумленных выбараў – без Аляксандра Лукашэнкі, якому Лідзія Ярмошына налічыла амаль 80 адсоткаў галасоў.

Акцыя насіла выключна мірны характар. Але раптам з’явілася група людзей, якая пайшла штурмаваць Дом ураду. Гэта выглядала на спланаваную правакацыю – кажуць відавочцы.

«Як толькі біццё шкла спынілася, адразу выскачылі спецвойскі і баявымі дубінкамі пачалі ўсіх збіваць. І я там быў збіты літаральна на ганку, таму што я не ўцякаў і спрабаваў спыніць гэтае збіццё людзей. Ніякіх падстаў тады ўжо разганяць і збіваць не было» – кажа кандыдат на прэзідэнцтва-2010 Віталь Рымашэўскі.

Плошчу-2010 сілавікі разагналі хутка і брутальна. А кандыдат на прэзідэнцтва, паэт УладзІмір Някляеў да месца падзеяў нават не дайшоў. На яго і ягоную каманду напалі невядомыя ў чорным. Палітык страціў прытомнасць.

«І калі я ачнуўся і вярнуўся з таго свету, першае, што я ўбачыў – гэта пабітых, пакладзеных людзей святлошумавымі гранатамі. Дарэчы, мая жонка атрымала пад ногі гэтую гранату. З жахам падумаў, што такі самы пагром чакае нас і на плошчы» – кажа кандыдат на прэзідэнцтва-2010 Уладзімір Някляеў.

Тады затрымалі больш за 700 чалавек, у выніку дзясяткі трапілі за краты ў справе аб масавых беспарадках. Сярод іх – шасцёра кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Згадваючы тыя падзеі, сябра штабу Някляева Аляксандр Фядута упэўнены: Плошча-2010, аднак, не была марнай, без яе не было б сёлетніх пратэстаў.

«Большасць тых, хто выходзіў, каб выказаць сваю нязгоду ў 2020 годзе, памятала пра тое, што магло адбыцца і што, на жаль, не адбылося 10 год таму. Я спадзяюся, яны ўлічваюць сёння нашыя памылкі» – кажа сябра штабу Уладзіміра Някляева, паліттэхнолаг Аляксандр Фядута.

Праз 10 гадоў на вуліцы Беларусі выйшлі не дзясяткі, а сотні тысячаў чалавек, абураных несправядлівымі выбарамі. Нягледзячы на ґвалт з боку сілавікоў, пратэст не спыняецца ўжо больш за чатыры месяцы.

Міхаіл Прановіч «Белсат»