Першы дзень працы дэпутацкай прыёмнай Ганны Канапацкай. Рэпартаж


Праваднік патрэбаў народу да ўладаў – такою бачыцца роля дэпутата. Беларусы ж гэтую сувязь з айчыннымі «народнымі абраннікамі» адчуваюць вельмі рэдка. На рэгулярныя сустрэчы з грамадзянамі зрабіла стаўку апазіцыйная дэпутатка Ганна Канапацкая. У офісе Абʼяднанай грамадзянскай партыі яна зладзіла чарговае спатканне з выбарнікамі.

15 студзеня распачала працу тэматычная дэпутацкая прыёмная Ганны Канапацкай ды прыхільнікаў пераменаў. Ідэя прыёмнай належыць звычайным людзям: настаўнікам, прадпрымальнікам, якія ўжо звярталіся да дэпутаткі, каб развязаць свае праблемы.

На першую сустрэчу прыйшлі васямнаццаць чалавек, некаторыя не з выбарчай акругі Канапацкай – людзі прыехалі нават са Смаргоні ды Салігорску.

«Ганна Канапацкая, я ведаю, што яна дэпутат ад апазіцыі, таму давер да яе вялікі. Бачна, што яе людзі абралі, у нас я не бачыў нармальных выбараў. Нашых дэпутатаў я не лічу, што іх выбіралі, іх проста прызначылі. У мяне няма вялікага жадання да іх звяртацца ў сувязі з недаверам», – кажа жыхар Салігорску Раман Сакач.

Сустрэча, на якую прыйшлі не толькі грамадзяне са сваймі праблемамі, але і адмыслоўцы, была прысвечаная экалогіі. Напрыклад, жыхар Салігорску спрабуе прыцягнуць увагу мясцовых уладаў да пытання вывазу смецця. Менчукі ж выступаюць супраць ушчыльнення сталіцы і недахопу зялёных зонаў.

«Сама праблема ўшчыльнення, я лічу, знішчыць наш горад. Наш горад па менталітэце не мусіць адпавядаць Нью-Ёрку», – мяркуе жыхарка Менску Наталля Ермаловіч.

А вось з якімі праблемамі прыйшла жыхарка вёскі Дроздава Вольга Беляўцова:

«Я як юрыст, які займаецца праблемамі землекарыстання, прыйшла з пытаннямі аб зменах у заканадаўстве, бо ў нас апошнім часам у зямельным заканадаўстве вельмі-вельмі шмат дзяржавы і вельмі мала грамадзянаў».

Іншыя важныя тэмы, які абмяркоўвалі ў часе сустрэчы, – шкодная вытворчасць, альтэрнатыўная энергетыка, наступствы Чарнобылю. А таксама немагчымасць дагрукацца да мясцовых уладаў.

«Пісаў у розныя інстанцыі, каб мне патлумачылі розніцу паміж дзяржаўнымі патрэбамі і грамадскай неабходнасцю. І гэта быў так званы футбол – мае звароты футболілі ад адной інстанцыі да іншай, я дайшоў да Канстытуцыйнага Суда, а адтуль перакінулі ў Менгарвыканкам», – адзначае Віктар Барташэвіч з Менску.

Занепакоенасць грамадзянаў зразумелая. Але ці існуе нейкая стратэгія агульных дзеянняў? Да Ганны Канапацкай прыйшлі не толькі з праблемамі, але і з прапановамі.

«Канкрэтна прапанова мая да Ганны – гэта заняцца перапрацоўкай палажэння аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў, якое на сённяшні дзень не дазваляе грамадзянам паўнавартасна ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў. І з гэтай мэтай наладзіць камунікацыю з Міністэрствам Архітэктуры, стварыць працоўную групу, якая зоймецца распрацоўкай новых палажэнняў аб правядзенні грамадскіх абмеркаванняў», – кажа Віктар Янчурэвіч, сябра Рады руху «За свабоду».

Ці народная абранніца задаволеная з сустрэчы? Відаць, што так, бо натхнёна распавядае пра далейшыя крокі супрацы з грамадзянамі ды грамадскімі ініцыятывамі:

«Мы будзем запрашаць не толькі зацікаўленых грамадзянаў, але і зацікаўленыя дзяржаўныя органы, прадстаўнікоў выканаўчай улады, шырокае кола экспертаў. Праца будзе працягвацца, яна не будзе пакладзеная ў тэчку ў стол».

Ці ў стане Ганна Канапацкая стаць мостам паміж грамадзянамі ды органамі ўлады, пакажа час. Пакуль жа дэпутатка запрашае на чарговую сустрэчу грамадскай прыёмнай, якая адбудзецца 12 лютага і будзе прысвечаная адукацыі.

Глядзіце таксама:

Наста Ільіна, belsat.eu