Аб'ектыў 12.02.2018 Пенсіянерка даведалася, што пасля выбараў ліквідуюць аўтобусны маршрут… і аб’явіла ўладам «вайну»


У Магілёве байкот перад выбарамі вырашылі зладзіць тыя, хто звычайна пратэставаць не імкнецца – пенсіянеры.

Калі адна з жыхарак раёну «Тэхнапрыбор» даведалася, што адзіны аўтобус да цэнтру адменяць уціхую, расклеіла абвесткі пра гэта і выйшла, што называецца, на сцежку вайны з мясцовымі ўладамі.

Жыхары магілёўскага мікрараёну «Тэхнапрыбор» у роспачы: некалькі дзён таму прайшлі чуткі, што адзіны аўтобус, які злучае іх ускраіну з цэнтрам, адменяць, і даязджаць да апошняга прыпынку ён не будзе.

«Я развесіла ўлёткі, у якіх паведаміла, што Саўчанка, намеснік дырэктара па перавозках, сказаў, што пасля выбараў аўтобусны маршрут прыбяруць. А чаму? А таму што ў нас дарогі не для аўтобуса, а для трактара», – кажа жыхарка мікрараёну «Тэхнапрыбор», Марына Ягорава.

Праехаць па такім маршруце і праўда можа быць складана: на дарозе шмат ямінаў, якія да таго ж заваленыя снегам, а ўладальнікі аўтаў даўно перасталі звяртаць увагу на знакі, што забараняюць паркоўку.

«У нас вельмі шмат пенсіянераў, нам усім патрэбна паліклініка. Да паліклінікі ідзе адзін аўтобус – 35!», – кажа мясцовы жыхар.

Маршруткі тут ездзяць раз на гадзіну. Да таго ж, паездкі на маршрутцы па кішэні далёка не ўсім пенсіянерам. Таму незадаволеныя мужчыны ды жанчыны, пачуўшы паведамленне пра змены маршруту № 35, вырашылі напісаць зварот да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Подпісы пад ім паставілі больш за паўсотні чалавек.

«Пасля навіны пра ліквідацыю маршрута жыхары нашага мікрараёну прыйшлі да высновы, што гэта праз выбары знікне аўтобус», – распавядае жыхар «Тэхнапрыбору» Аляксей Паўлоўскі.

Разбірацца на месца прыехалі чыноўнікі Магілёўскага гарвыканкаму, якія кажуць, што пра змены маршруту яны нічога не чулі.

«Гэта проста нейкая правакацыя. Рашэнне аб адкрыцці ці закрыцці прымае толькі гарвыканкам. Гарвыканкам такіх рашэнняў не прымаў і пачуў пра гэта толькі сёння раніцай», – абураецца кіраўнік аддзелу энергетыкі і транспарту Магілёўскага гарвыканкаму, Яраслаў Васюцёнак.

Але пакуль чыноўнікі залагоджвалі незадаволеных пенсіянераў, побач зʼявіўся трактар і пачаў чысціць снег, а на дарозе паставілі пост ДАІ – жыхары мяркуюць, для таго, каб разабрацца са злоснымі парушальнікамі правілаў паркоўкі. Вось толькі на колькі хопіць запалу наводзіць доўгачаканы парадак? Жыхары баяцца, што хіба толькі да выбараў.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары