Пенсіянер стварыў дзіцячую пляцоўку, цяпер бароніць яе ад чыноўнікаў


Прадстаўнікі сельсавету, райвыканкаму, Адміністрацыі прэзідэнта прыехалі ў вёску Агароднікі, каб вырашаць, зносіць тут дзіцячую пляцоўку ці не. Ужо некалькі разоў чыноўнікі прымушалі яе стваральніка Вячаслава Козела ўсё разабраць, але пенсіянер адмаўляецца. Райвыканкам загадаў сельскагаспадарчаму прадпрыемству «Беліца-Агра» ачысціць тэрыторыю да 1-га кастрычніка, але дзед працягвае змагацца за свой твор і спадзяецца, што пляцоўку ўдасца захаваць.

«Я думаю, што павінна быць такая пляцоўка. І дзядуля будаваў яе для людзей. Ён не бярэ грошаў з іх. Ён будаваў для людзей, а яны хочуць знесці, гэта не правільна», – даводзіць Яна, унучка Вячаслава.

Тэрыторыя на беразе Нёману належыць мясцоваму СПК

Аднак, зямля ніяк не выкарыстоўваецца прадпрыемствам. Раней тут быў хмызняк, Вячаслаў усё сам расчысціў, пабудаваў водную горку, футбольную і валейбольную пляцоўкі, арэлі, каруселі, турнікі ды іншыя забавы. Матэрыялы набываў за пенсію і цяпер сочыць за парадкам: абкошвае, прыбірае, падфарбоўвае. З наведнікаў грошай не бярэ. Кажа, што ўсё рабіў ад душы, каб дзеці з вёскі былі здаравейшыя.

«На каруселях, каб паветра не баяліся, каб па канату маглі прайсціся, з бервяна збіцца, па вадзе праехалі, у сэнсе прыгнулі ў ваду, хоць раз у жыцці падлетак павінен прыгнуць у ваду. «Не, гэта ўсё нельга, гэта ўсе небяспечна», – абураецца пенсіянер.

Чыноўнікі назвалі пляцоўку самавольнай пабудовай

Дзеда абвінавацілі ў захопе тэрыторыі, і яшчэ летась прызначылі штраф 10 базавых, які вылічвалі з пенсіі. Рашэнне суда ўдалося аспрэчыць, а грошы – вярнуць. Пляцоўку ж патрабуюць знесці, бо яна пабудаваная без зацверджаных нормаў, на вырабы няма сертыфікатаў і вынаходніцкага патэнту. Пасля таго, як пра спадара Вячаслава пачалі пісаць у медыях, на месца прыехалі чыноўнікі ды прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта.

Людзі, якія прыязджаюць сюды адпачываць, стварылі сшытак падтрымкі

Наведвальнікі выказваюць абурэнне дзеяннямі ўладаў, просяць дапамагчы ці проста пакінуць дзеда ў спакоі, пішуць, што будуць збіраць за яго подпісы. Усе запісы Вячаслаў паказвае чыноўнікам, але ці прыслухаюцца яны да людзей?

Вольга Чайчыц, «Белсат»