Старшынём Грамадскага савету пры Міністэрстве ўнутраных справаў 4 гады з моманту стварэння арганізацыі быў Генадзій Давыдзька, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі. І вось – крутыя рэформы. Савет абнавіўся, Давыдзька стаў пачэсным старшынём, а кіраўніком адзінагалосна выбралі даўняга сябра і калегу Давыдзькі, галоўнага рэдактара газеты «СБ. БЕЛАРУСЬ СЕГОДНЯ» Паўла Якубовіча.
«Я бачу сваю ролю і ролю ўсяго нашага грамадскага аб’яднання ў тым, каб народ паважаў міліцыю, а міліцыя паважала народ», – зазначыў Павал Якубовіч.
Мэты Грамадскага савету – дапамагаць міліцыі ў пытаннях іміджу і больш цесных сувязяў з насельніцтвам.
Катаванні ў падазраваных пад следствам, збіццё вулічных гандлярак, напады на журналістаў падчас працы, брутальныя разгоны акцыяў пратэсту і смерці ў ізалятарах і турмах. Паводле Паўла Якубовіча, вострая рэакцыя грамадства і медыяў на такія выпадкі – гэта несправядліва адносна міліцыі.
Што да кіраўніцтва міністэрства, Ігар Шуневіч узначальвае міліцыю 5 гадоў, і ўсе выпадкі гвалту і бязмежжа з боку падначаленых называе арганізаванай інфармацыйнай вайной.
Паказальны праход па ідэальна чыстых памяшканнях і дэгустацыя турэмнага абеду.
«Харчаванне на найвышэйшым узроўні, як у рэстарацыі. Вельмі смачна», – засведчыла заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.
Так лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч. На сёння ў Грамадскім савеце няма праваабаронцаў.
Сістэма МУС застаецца закрытай, і пакараць садыстаў у пагонах практычна немагчыма.
«З катаваннямі, прычым у некаторых выпадках гэта прывяло да смерцяў людзей, ці неаказанне медычнай дапамогі людзям, якія знаходзіліся ў месцах прымусовага ўтрымання. На жаль, па некаторых справах мы працуем па 3 гады і больш. І не можам дамагчыся справядлівасці», – даводзіць Стэфановіч.
Паказальна, што калі Камітэт супраць катаванняў пры ААН запытаў у беларускіх уладаў справаздачу, аказалася, што катаванні адсутнічаюць і ў аддзяленнях міліцыі, і ў ізалятарах, і ў турмах.
Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum