Паўстанцаў Каліноўскага пахаваюць у Вільні


Парэшткі паўстанцаў 1863-64 гг., знойдзеныя на гары Гедыміна, пахаваюць на віленскіх Росах. Пра гэта журналістам паведаміў прадстаўнік літоўскага ураду. Навукоўцы мяркуюць, што сярод выяўленых захаванняў ёсць і парэшткі самаго Кастуся Каліноўскага. Пахаваць паўстанцаў Літва плануе налета, сумесна з Польшчай. Прыняць удзел ва ўрачыстасцях афіцыйная Вільня запрасіла і Беларусь, але менскія ўлады цікавасці не праявілі.

З пашанаю да ваяроў. Літва на найвышэйшым узроўні зоймецца перапахаваннем парэшткаў 17 паўстанцаў, знойдзеных летась на віленскай гары Гедзіміна. З гэтаю мэтаю ўжо створаная нацыянальная камісія.

«Кіруе прэм’ер-міністр, некалькі міністраў іншых інстанцыяў. Так што камісія рэпрэзентацыйная», – кажа віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

Перапахаваць парэшткі пастанавілі на віленскіх могілках Росы. Месца адпаведнае, бо ў гэтым некропалі спачывае шмат знакавых гістарычных асобаў.

Удзел ва ўрачыстасцях возьмуць не толькі літоўцы.

Да працэсу мае падлучыцца Польшча – для яе паўстанне 1863–1864 гадоў мае важнае значэнне. Герояў тых дзён ушаноўваюць у назвах вуліцаў і помніках. У Беларусі паўстанне Кастуся Каліноўскага адыграла вызначальную ролю. Але ў адрозненне ад Варшавы, афіцыйны Менск не спяшаецца рабіць унёсак ва ўшанаванне памяці.

«З беларускага боку покуль не было такога запыту», – зазначае Матулёніс.

У беларускім МЗС нам у шакавальнай форме адмовіліся каментаваць такую важную справу.

Дзмітрый Мірончык, прэс-сакратар МЗС: Упраўленне інфармацыі лічбавай дыпламатыі МЗС Беларусі супрацоўнічае са сродкамі масавай інфармацыі.

Карэспандэнт «Белсату»: Белсат з’яўляецца сродкам масавай інфармацыі.

Дзмітрый Мірончык: У вашым разуменні, мабыць, і так.

Але як неафіцыйна паведамілі нам у беларускай амбасадзе ў Вільні, пакуль пытаннем ніхто як след не займаўся. Што і нядзіўна:чаго вартае прадстаўніцтва Беларусі, на сайце якога нават няма беларускамоўнай версіі?

Грамадскасць жа задаецца пытаннем: мо такая пазіцыя афіцыйнага Менску – свядомае ігнараванне постаці Кастуся Каліноўскага? Адмыслоўцы заўважаюць: Каліноўскага, якога шанавалі нават у БССР, цяпер спрабуюць пасунуць, а тое і ўвогуле прыбраць з нацыянальнага пантэону.

«Не проста спіхванне на маргінес. Нават назіраюцца нейкія спробы зрабіць яго антыгероя, Мураўёва, героем нацыянальным, а Каліноўскага зрабіць антыгероем. Гэтыя спробы ёсць», – мяркуе былы выкладчык Гарадзенскага ўніверсітэту Ігар Кузьмініч.

Парэшткі знайшлі ў лютым 2017 года – падчас апоўзню на віленскай гары Гедзіміна.

З 17 чалавек удалося ідэнтыфікаваць парэшткі Зыгмунта Серакоўскага – пры іх быў заручальны пярсцёнак з выбітымі імёнамі маладых.

Сярод пахаваных меў бы быць і адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстання Кастусь Каліноўскі, але навукоўцы яшчэ не скончылі доследы.

«Нашая працоўная версія, што Каліноўскага ўжо знайшлі. Але нам трэба пацверджанне ДНК, каб даказаць, што гэта дакладна Каліноўскі», – кажа археолаг Гіціс Грыжас.

Найпрасцейшы спосаб развеяць усе сумневы, гэта ўзяць ДНК у найбліжэйшых родзічаў кіраўніка паўстання. Літоўскі бок збіраецца звярнуцца ў Менск з просьбаю дазволіць эксгумацыю ў мястэчку Свіслач, дзе пахаваны родны брат Кастуся – Віктар Каліноўскі.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»