Аб'ектыў 22.08.2017 Пастаўкі амерыканскага газу ў Літву прымусяць Расею знізіць кошты


Пакуль што толькі першая партыя, але амерыканскага газу ў Літве чакаюць больш. На танкеры, які ў панядзелак прыбыў у порт Клайпеда, – каля 140 000 кубаметраў звадкаванага газу з ЗША.

Міністр энергетыкі Літвы: Важна дыверсіфікаваць імпарт газу

І літоўскі, і амерыканскі бакі запэўніваюць, што газ з ЗША выходзіць танней за расейскі, але дакладных лічбаў не называюць. Вядома, што «Газпрому» Літва плоціць каля $ 180 за тысячу кубаметраў.

«Усё ж такі гэта будзе трошкі даражэй, чым расейскі газ, але каб яго не было, каб не было гэтай альтэрнатывы, то і расейскі газ быў бы даражэйшым. Таму калі глядзець са стратэгічнага пункту гледжання, то гэта безумоўна выгадна», – патлумачыў сэнс новых паставаў эканаміст Леў Марголін.

Афіцыйная Вільня чакае наступную партыю сыравіны ў верасні

Краіна спадзяецца на сталую газавую супрацу з ЗША. Такія ж настроі і ў Польшчы, якая атрымала сваю першую пастаўку амерыканскага газу на пачатку чэрвеня праз порт у Сьвінауйсьце. Літаральна праз месяц пасля гэтага прэзідэнты абедзвюх краінаў на асабістай сустрэчы падпісалі дамову аб сталай супрацы, кантракт мае быць падпісаны да канца года.

Узрасла энергетычная роля Польшчы

Анджэй Дуда тады заявіў, што Польшча можа стаць пасярэднікам у рэгіёне і перанакіроўваць амерыканскі газ у суседнія Славаччыну, Чэхію, Украіну ці тую ж Літву. Пакуль жа самая Польшча прынамсі да 2022-га года будзе купляць расейскі газ паводле доўгатэрміновага кантракту.

Штогадовы імпарт расейскага газу пакрывае каля 66,67 % польскіх патрэбаў у гэтай сыравіне. І ў тым, што расейскі газ можа быць найбліжэйшым часам выцеснены з рэгіёну, сумняюцца як у Польшчы, гэтак і ў Літве. Але паглыбленне энергетычнай дыверсіфікацыі непазбежнае, упэўнены адмысловец у геапалітыцы Яўген Красулін. І гэта адабʼецца на расейскім газавым гіганце.

«Ён будзе вымушаны зніжаць гэтую цану. І ў выніку, у стратэгічнай перспектыве, магчыма, калі ўсё будзе без радыкальных зменаў, «Газпрам» пераўтворыцца ў нармалёвую сярэднюю такую кампанію на сусветным рынку, калі не будзе занадта моцна лезці ў палітыку», – даводзіць Красулін.

Для Літвы востра стаіць пытанне і энергетычнай бяспекі

Ужо неаднаразова гучалі словы крытыкі з-за паўночнай мяжы на адрас праекту Беларускай АЭС. Гэтым разам на канферэнцыі ў пытаннях рэгіянальнай бяспекі ў Вільні.

«Расея рукамі беларусаў будуе атамную бомбу на подступах да самой Вільні, а мы не ў стане ні пераканаць еўрапейскія краіны ў нашай занепакоенасці, ні дамовіцца з найбліжэйшымі суседзямі», – абураецца былы прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус.

Экс-прэзідэнт таксама заклікаў да стварэння рэгіянальнай апазіцыі супраць будовы газаправоду «Nord Stream 2» паміж Расеяй і Нямеччынай па дну Балтыйскага мора. На думку праціўнікаў праекту, ён толькі ўзмацніць энергетычны ўплыў Крамля ў Еўропе, з-пад якога яна паслядоўна спрабуе выйсці.

Таццяна Рэут, «Белсат», фота: Ints Kalnins / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары