Парад незалежнасці: спевы і танцы замест унітазаў


Афіцыйны Дзень Незалежнасці. У сталіцы з размахам прайшоў парад, у якім узялі ўдзел больш за 4 тысячы вайскоўцаў ды 260 адзінак тэхнікі, акрамя беларускіх былі таксама і вайскоўцы з Расеі і Кітаю. У адрозненні ж ад леташняга параду – цяпер не было прадметаў нацыянальнай вытворчасці і гонару – каўбасаў і ўнітазаў. Затое былі спевы і танцы. Чым хваліліся сёлета?

Шэсце вайскоўцаў, танкі, зенітна-ракетныя комплексы ды авіяцыя. Дэманстрацыяй вайсковае моцы з шырокім размахам ужо традыцыйна распачалася раніца 3-га ліпеня для жыхароў сталіцы. Парад, прымеркаваны да дзяржаўнага Дня незалежнасці, узначаліў галоўнакамандуючы Аляксандр Лукашэнка.

«Мірнае неба і творчая праца мусяць быць надзейна абароненыя. Разнявольвацца нельга. Таму прымаем самыя рашучыя захады для ўмацавання вайсковае бяспекі», – сцвярджае Аляксандр Лукашэнка.

Парад не абмежаваўся традыцыйнаю вайсковаю тэхнікай. Гатовасць даць адпор пагрозам незалежнасці прадэманстравалі і навінкі ваенпраму, сярод якіх – мадэрнізаваныя БТР-ы і бронеаўтамабілі для спецназу. І, хоць сёлета мерапрыемства прайшло без балету трактароў ды паказу дасягненняў айчыннай прамысловасці, у парадзе ўдзел брала большая колькасць тэхнікі, чымся летась. На паўтары тысячы паболела і вайскоўцаў.

«Адрозненне гэтага параду ад мінулага – гэта сапраўды ўдзел кітайскіх вайскоўцаў. Ну… І расейскія вайскоўцы таксама ўдзельнічалі. Лукашэнка патлумачыў, што ў нас два саюзнікі – брацкая Расея і стратэгічны партнёр – Кітай», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Штучнае свята

Між тым у параўнанні з іншымі краінамі, у якіх Дзень незалежнасці азначае ўтварэнне дзяржаўнасці або ў выпадку краінаў СНД – выхад з Савецкага саюзу, у Беларусі свята прымеркаванае да вызвалення Менску ад нямецкіх войскаў у 44-ым годзе.

Афіцыйнаю датай 3 ліпеня стала пры Лукашэнку пасля рэферэндуму ў 1996-ым годзе. Датуль Днём незалежнасці лічылася 27 ліпеня, калі ў 1990-ым Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР. Шмат хто лічыць, што права на самастойнасць Беларусь упершыню прадэкларавала абвешчанне Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

«Пытанне пра 3 ліпеня – гэта адно з тых, гэта быў такі паравоз, да якога можна было прычапіць самае галоўнае пытанне пра Канстытуцыю. Вось таму і выбралі гэтае свята, бо для беларускага грамадства сапраўды перамога ў вайне вельмі важная», – лічыць Карбалевіч.

Між тым свята беларускае незалежнасці з танкамі ды іншым вайсковым узбраеннем, якое незалежныя гісторыкі называюць «штучным», не танна каштуе айчыннаму бюджэту. І, хоць выдаткі на парад звычайна застаюцца інфармацыяй, не дасяжнай для грамадскасці, паводле неафіцыйных крыніцаў, на сёлетняе свята маглі выдаткаваць каля двух з паловаю мільёнаў долараў у эквіваленце.

Юлія Лабанава, «Белсат». Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM