Аб'ектыў 10.10.2017 Што звязвае паплечнікаў Лукашэнкі ды «Начных ваўкоў»?


Чорныя пазадарожнікі з расейскімі нумарамі і машыны са службовымі беларускімі пропускамі, на ўзор тых, што выдаюць машынам чальцоў Рады Рэспублікі. Побач – некалькі дзясяткаў чалавек у скураных куртках з сімволікай клубу «Начныя ваўкі». Мерапрыемства закрытае, а ўдзельнікі маюць адзін адказ на любыя пытанні – «без каментароў».

Гэтак гомельскія «Начныя ваўкі» развітваюцца з загінулым у Сірыі Аляксеем Ярашэвічам

«Гэта па-сутнасці такія пуцінскія штурмавікі. Мы ведаем, што пад час анексіі Крыму, байкеры гэтыя былі ў так званай самаабароне, патрулявалі вуліцы поруч з ветлівымі людзьмі, за што Пуцін іх пасля ўзнагародзіў», – звяртае ўвагу журналіст «Белсату» Ігар Ільяш.

Гомельскі Філіял пуцінскіх штурмавікоў знаходзіцца на ўскрайку гораду. Псеўдамілітарны антураж выглядае, як у любой расейскай сядзібе арганізацыі, толькі больш сціпла. Прысутнасць жа на пахаванні машынаў з дзяржпрапускамі – ці не самы трывожны сігнал, мяркуе журналіст.

Людзі Лукашэнкі былі на пахаванні

«Мы пабачылі, што на сённяшнім пахаванні прыязджаюць людзі з нумарамі Савету Рэспублікі…Яны іх падтрымліваюць на вышэйшым узроўні. Бо зразумела – калі б была палітычная воля ў кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, калі б быў невялічкі інстынкт самазахавання, яны б навялі вельмі хутка парадак сярод усіх гэтых мотаклубаў», – даводзіць Дзяніс Івашын, журналіст і аналітык у пытаннях бяспекі.

У чым жа небяспека гэтых пуцінскіх байкераў для Беларусі?

Збольшага яны вядомыя сваймі прапагандысцкімі шоу ў Крыму спробамі даехаць на 9-га траўня мотапрабегам да Берліну. Даязджаюць звычайна не далей за мяжу Еўразвязу.

Гісторыя ж загінулага ў Сірыі Аляксея Ярашэвіча, кажа пра новы памер небяспекі з боку гэтага мотаклубу.

«Чалец начных ваўкоў Аляксей Ярашэвіч меў дачыненне да прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер. Яна вядомая сваім удзелам у баявых дзеяннях на Данбасе і зараз актыўна ўдзельнічае ў вайсковай агрэсіі супраць сірыйскага народу», – мяркуе Івашын.

Колькі нашых суайчыннікаў можна знайсці ў шэрагах расейскіх прыватных ваенных кампаніяў сказаць цяжка.

Аўтапрабег расейскіх нацыяналістаў, праз беларускую сталіцу, выкраданне ўкраінца Паўла Грыба ў Гомлі і перадача яго ФСБ, а цяпер – непрыхаваная даніна пашаны забітаму на расейскай вайне найміту. Здавалася б – варта паінфармаваць праваахоўнікаў, але пытанне, ці няма і іхных прадстаўнікоў на сённяшнім развітанні.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары