Папа хоча ў Беларусь, але не можа


Гэтымі днямі Папа Францішак наведвае краіны Балтыі. На сустрэчу з Пантыфікам у Вільні паехалі 2000 беларусаў.

Беларускія пілігрымы ў Літве маліліся разам з пантыфікам, казалі пра радасць, паяднанне і ўзнёслы настрой. А вось у самой Беларусі – чаканне візіту, якога яшчэ ніколі ў гісторыі не было. Што да прычынаў, то, хутчэй, гэта той момант, дзе перакрыжоўваюцца рэлігія і палітыка.

«Чакала, чакала гэтага прыезду ў Беларусь, але так і не дачакалася. І вырашыла, ведаеце, што іншай такой магчымасці не будзе, таму з моладдзю вырашыла прыехаць. Сама крышачку памаладзела», – кажа верніца з Беларусі.

«Вельмі шмат сустракаем сваіх, і гэта ўзбуджае наш патрыятызм, як гэта ні банальна. Гэта цудоўна, калі ты сустракаеш беларусаў у іншай краіне, яшчэ больш узмацняе тваё пачуццё еднасці», – дадае іншы пілігрым.

Аднак пакуль беларускія вернікі, каб пабачыць Папу, мусяць ці ехаць у іншыя краіны, ці проста чакаць.

Апытаныя намі на вуліцах жыхары Менску прызнаюцца, што візіт Папы ў Беларусь паспрыяў б «кансалідацыі вернікаў».

«Гэта быў бы досыць важны жэст насустрач у адносінах з Захадам, і для тых жа каталікоў гэта было б вельмі важна», – кажа жыхар Менску.

Прычыны непрыезду Папы палітолаг Алесь Лагвінец бачыць, хутчэй, па баку Масквы і РПЦ.

«Нягледзячы на пэўныя іміджавыя плюсы, якія атрымаў бы дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ад візіту Папы Рымскага ў Беларусь, ёсць іншыя велізарныя плюсы – плюсы для Беларусі як незалежнай дзяржавы, плюсы для беларускай рэлігійнай супольнасці, беларускай каталіцкай царквы», – кажа Алесь Лагвінец.

«Больш-менш зразумелымі» прычыны непрыезду Папы называюць і прадстаўнікі касцёлу ў Беларусі.

«Папа неаднаразова на розных сустрэчах заўсёды пытаецца, ён дакладна ведае сітуацыю, якая ў нас у краіне ёсць, як касцёл развіваецца. Доказам гэтаму ёсць нядаўняе прызначэнне чатырох новых маладых біскупаў. Таму сітуацыя вядомая Папу. І, напэўна, наш дыпламатычны корпус вядзе шматбаковыя размовы і з Маскоўскім патрыярхатам, і з дзяржаваю», – заявіў прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Юрый Санько.

На хвалях пацяплення стасункаў з Захадам ды напружанасці з Масквой Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўваў Ватыкан і сустракаўся з Папамі двойчы: з Бэнэдыктам XVI у 2009-ым, а таксама з Францішкам у 2016-ым. І ўвесь час гаворка ідзе пра магчымасць візіту. Як пакуль – Папа вельмі блізка нашае мяжы, але не ў Беларусі.

Але паўсюль – беларускія вернікі. А мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у віленскім касцёле Святога Рафала ўпершыню памаліўся па-беларуску. Ды ўзгадваў апошні візіт Папы Яна Паўла II у Літву ў 93-ім годзе.

«Папа Ян Павал ІІ тады казаў, што кожная дэмакратыя без божага закону робіцца таталітарызмам. Мы бачым сёння духоўны таталітарызм, які ўваходзіць у жыццё. Калі крытыкаваць веру, касцёл, самога Бога лічыцца нормай, а бараніць – не», – заявіў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Бароняць і яднаюць такія візіты. Заўтра Папа Францішак будзе ў Рызе, паслязаўтра – у Талліне.

Сяргей Падсасонны; фота – Alessandro Di Meo / Pool via Reuters