Аб'ектыў 02.01.2018 Палякі пра новы бязвіз: Гэта вельмі добра!


Больш бязвізавых дзён і пунктаў пропуску для турыстаў, шырэй – геаграфія даступных аб’ектаў. Набыў моц 462-гі ўказ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім грамадзяне 77 краінаў свету могуць наведваць Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці – тэрмінам да 10 дзён – без паходу ў амбасаду.

«Гэта вельмі добра з пункту гледжання іміджу, гэта вельмі добра з пункту гледжання эканомікі. Нават у Горадні не чакалі такога павелічэння турыстаў – да 50 тысяч. Літоўцаў, напрыклад, прыехала 15 тысяч – гэтага таксама ніхто не чакаў. Людзі хочуць свабоды», – упэўненая Валерыя Кліцунова з абʼяднання «Адпачынак у вёсцы».

Новаўвядзенні нацэленыя на павышэнне прывабнасці памежных турабʼектаў і развіццё трансмежнай супрацы паміж Беларуссю і ЕЗ. Чакаецца павелічэнне турыстычнае плыні ў краіну, і, такім чынам, рост экспарту турыстычных паслугаў – ажно на 30 %.

«Гэта вельмі добра! Не ведаю, ці атрымаецца, але я б з задавальненнем паехаў».

«Так, я б хацеў наведаць Беларусь».

«Калі ў перыяд адпачынкаў зʼявіцца такая магчымасць, то, вядома, паеду».

«Я ўвогуле лічу, што не варта рабіць штучных межаў паміж славянскімі народамі. Адмена візаў – вельмі правільнае рашэнне, няхай так будзе і далей!».

– заявілі «Белсату жыхары Варшавы.

Не ўсё так проста як гучыць

Што праўда, атрымліваць асалоду ад прыгажосці Белавежскай пушчы і краявідаў Аўгустоўскага каналу з адным толькі пашпартам і медычнаю страхоўкай у кішэні замежнікам не выпадае. Пры сабе неабходна мець і дакумент, які дазваляе наведванне турыстычнай зоны. Для яго атрымання патэнцыйнаму турысту трэба загадзя – праз інтэрнэт – выкупіць праграму туру і заключыць дамову з тураператарам.

«Я думаю, што ёсць рознага роду сілы, якія не даюць ўзяць і зрабіць Беларусь адкрытай адразу, але мы да гэтага ідзём і гэта добры знак», – упэўненая спадарыня Кліцунова.

Мае новы дакумент і іншыя абмежаванні

Турысту забараняецца наведваць бязвізавую тэрыторыю Гарадзенскай вобласці, калі ў яго выкуплены тур на Берасцейскую, – і наадварот. Таксама іншаземец абавязаны загадзя забраніраваць начоўку, а па прыездзе – зарэгістравацца ў гатэлі, санаторыі або аграсядзібе.

Тым не менш, жыхары Берасця новаўвядзеннямі задаволеныя.

«Грошы ў краіну! Развіццё турызму! Больш людзей паглядзіць на тое, як мы жывем, і, можа, запросяць да сябе».

«Гэта будзе прыцягваць іншых новых турыстаў пазнаваць нашу культуру, спазнаваць наш горад, пазнаваць нашу краіну. Можа быць, і ў іх нешта зменіцца, і яны таксама зробяць бязвізавы ўезд».

– мяркуюць Берасцейцы.

Летась Беларусь увяла пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 дзяржаваў, якія ўязджаюць у краіну праз нацыянальны аэрапорт «Менск». Паводле Міністэрства замежных справаў, менш чым за год турыстаў паболела на 12 %. У планах – пашырэнне бязвізу і да 30 дзён.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары