Жыхароў заходніх раёнаў Менску, якія на гэтым тыдні пасля надзвычайнага здарэння мелі праблемы з якасцю вады, вызваляць ад аплаты водазабяспечэння за чэрвень. Пра гэта паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў. Рашэнне прынялі на даручэнне Лукашэнкі. Чыстая праўда пра брудную ваду і яе наступствы – у матэрыяле Анастасіі Русецкай.
Стаяць у чарзе па ваду працягваюць каторы дзень жыхары заходніх раёнаў Менску, хаця сталічныя ўлады кажуць, што сітуацыя ўжо выпраўленая.
«Трохі ёсць пах у вады. Памыцца, у прынцыпе, можна. Але лепш набраць».
«Пах ёсць. Трэба паберагчы сябе. Мала гэтага віруса, дык яшчэ і вада. Таму і прыехаў».
«Ваду з-пад крана можна піць. Але з бочкі вада вельмі смачная. Мы тут з крана такую ваду ніколі не пілі. І мы прыходзім сюды спецыяльна набраць смачнай вады для піцця», – гавораць жыхары Менску.
Забарону ўжываць ваду з кранаў зняло напярэдадні Міністэрства аховы здароўя. Паводле Менскводаканалу пітную ваду падвозяць «на ўсялякі выпадак». Кіроўца Аляксандр каштоўны груз у сталіцу прывёз з Капыльшчыны на загад кіраўніцтва.
«Трэба вам вада – мы прывозім. Вада харошая, чыстая, правераная. Кожны калгас прывозіць па малакавозе чысценькай вады. І будзе падвозіць, пакуль у вас ажыятаж ідзе», – кажа кіроўца Аляксандр Кульбіцкі.
Тым часам менчукоў, у чыіх кватэрах ішла забруджаная вада, паабяцалі вызваліць ад аплаты водазабеспячэння за чэрвень. Як менавіта зробяць пераразлік, стане вядома найбліжэйшым часам – запэўніў віцэ-прэм’ер Уладзімір Кухараў. Рашэнне прыняў урад на даручэнне Лукашэнкі.
«Я кажу: будзеце піць цяпер самі. Усе чыноўнікі ў Менску, будзеце гэтую ваду піць і варыць сабе ежу… Водаканал – у іх свая лабараторыя, санстанцыя – узялі, вось, даклалі, што раніцай ліквідавалі. Я да чаго гэта кажу? Дыктатура – гэта дрэнна. А калі за ноч вырашылі праблему найцяжэйшую, дыктатура – добра», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Праблемы з якасцю водаправоднай вады ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах Менску пачаліся ў сераду, зʼявіўся рэзкі непрыемны пах. Пазней улады прызналі, што вады ўжываць нельга. Ратункам для васьмі соцень чалавек стала вада з цыстэрнаў.
Верагодная прычына надзвычайнага здарэння, паводле Менгарвыканкаму, – рамонт участку вадаводу. Дакладную – мае назваць адмыслова створана камісія.
Анастасія Русецкая, «Белсат»