Аб'ектыў 19.07.2017 П’яны начальнік Веткаўскага РАУСу збіў падлетка і трапіў пад суд


Пабіў няпоўнагадовага – трапіў на лаву падсудных. Супраць ужо былога падпалкоўніка міліцыі Уладзіслава Антоненку завялі крымінальную справу. Як паказала следства, злачынства было здзейсненае пад уплывам алкаголю.

У той вечар Уладзіслаў Антоненка выгульваў сабаку

На заўвагу няпоўнагадовага Уладзіміра Шлемава, што гадаванец быў без намордніка, міліцыянт адказаў кулакамі. Сёння былы начальнік Веткаўскага РАУСу цалкам прызнаў сваю віну.

«Чалавекам з абвінавачваннем такога рангу – гэта першая справа за ўсе гады, што я работаю ў пракуратуры. Такога больш не было, і я спадзяюся, болей не будзе», – пракаментаваў працэс намеснік пракурора па Гомлі Аляксей Гаўрыкаў.

Выпадкаў бясчынстваў міліцыянтаў цэлае мноства

Далёка не кожная справа даходзіць да суда. Гэтак, у чэрвені гэтага года адзначылася ўсё тая ж Веткаўская міліцыя. Ужо новы начальнік РАУСу Уладзімір Кошман завітаў апоўначы ў прыватны дом Сяргея Помазава і патрабаваў дакументы.

Тым часам перапалка з мясцовым начальнікам і патаптаны дыван – далёка не найгоршае, з чым сутыкаюцца беларусы. У снежні мінулага года ў Століне старэйшы інспектар Вадзім Прылуцкі пабіў 9-цігадовага хлопчыка. Справу замялі, а міліцыянт дасюль працуе на сваім месцы.

Бязмежжа чыніцца і ў правінцыі, і ў сталіцы

Летась у Менску на 2 гады «хіміі» асудзілі Аляксандра Харуту, маўляў, збіў АМАПаўца Алега Шарка. Хаця сведчанні і праведзеная экспертыза ўказвалі на адваротнае.

У выніку міліцыя ўсё больш нагадвае зусім не абаронцаў закону, а надзвычайную касту. Ці стане суд над Уладзіславам Антоненкам выключэннем – пакажа вырак. Канчатковы разгляд справы перанеслі на 1-га жніўня.

Алесь Яшчанка, Вітаўт Сіўчык, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары