Аб'ектыў 19.10.2017 Нямецкі «порнаактор» баіцца праваслаўных джыхад-мабіляў


Апошні расейскі імператар і балерына, якая замацавала славу расейскага балету. Блізкасць, што магла змяніць расейскую гісторыю. Пачуцці ды абавязак, жарсць і ўлада ды іншае «каханне і смерць» – зняты за грошы з федэральнага бюджэту фільм Аляксея Учыцеля, паводле кінакрытыкаў, не мог разлічваць на поўныя залы. Калі б не хваля навінаў аб прэм’еры «Матыльды» ў кантэксце рэлігійнага фанатызму.

Адзіночны пікет пратэсту адбыўся ўчора ля сталічнага кінатэатру «Масква»

Запрошаных госцяў і кінааглядальнікаў прасілі не глядзець «Матыльду», каб не зневажаць праваслаўную веру. Удзельнік пікету заклікаў Генеральнага пракурора Беларусі забараніць паказ. Раней на адрас беларускіх кінатэатраў прыйшлі ананімныя лісты з падобнымі аргументамі.

«Распальваецца міжнацыянальная варажнеча. Праваслаўнага святога граюць порнаакторы», – даводзіў на ўласным пікеце Валерый Скараходка.

Немец Лярс Айдынгер ніякі не порнаактор

Але даказваць гэта асабіста ён не прыедзе ні ў Беларусь, ні ў Расею. Абгрунтавана баіцца за сваё жыццё. Праз «Матыльду» акторам паступіла маса пагрозаў, падпісаных праваслаўнымі актывістамі, у Маскве падпалілі аўтамабілі адвакатаў рэжысёра, а ў Санкт-Пецярбурзе – ягоную студыю. У Екацярынбурзе казак-манархіст хацеў спаліць кінатэатр, але разам з ягоным джыхад-мабілем згарэў толькі ўваход у будынак.

«Гэтая парнуха, якая мусіць выйсці – мы з гэтым злом мусім змагацца разам», – патлумачыў кіроўца праваслаўнага джыхад-мабіля Дзяніс Мурашоў.

Хвалю пратэстаў супраць «Матыльды» ініцыявала Наталля Паклонская

Дэпутатка Дзяржаўнай думы, былая пракурор Крыму не хавае сваіх гарачых пачуццяў да загінулага цара, а датычных да прэмʼеры абвінавачвае ў стварэнні злачыннай групоўкі. Паклонская ўжо напісала 43 запыты ў пракуратуру і запатрабавала асабіста ад Генпракурора Расеі забараніць стужку.

Паводле кінакрытыкаў, фільм – звычайная касцюмаваная пафасная меладрама

«Гэта ўсё штучны грукат, штучны піяр з мэтаю прыцягнуць увагу да гэтага фільму, бо я не думаю, што там ёсць штосьці цікавае. Але для беларусаў гэта ўвогуле чужая тэма і чужая спрэчка», – сціпла падсумаваў аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў.

Шырокая прэмʼера «Матыльды» ў Беларусі, Казахстане і Расеі адбудзецца праз тыдзень.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Tobias Schwarz / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары