Аб'ектыў 14.08.2017 Нягледзячы на забароны, аднавяскоўцы сустрэліся з Алексіевіч


Кветкамі, хлебам і соллю віталі ў нядзелю знакамітую выпускніцу капаткевіцкай сярэдняй школы – нобэлеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч – ейныя землякі. Сюды школьніцай яна штодня хадзіла з суседняй вёскі Івашкавічы па пяць кіламетраў. Праз шмат гадоў сустрэцца з ужо сусветна вядомаю пісьменніцаю прыйшлі і цяперашнія вучні школы, і былыя аднакласнікі Святланы.

У Капаткевічах Алексіевіч чакалі даўно

У 2015-м жа, калі пісьменніца атрымала «Нобэля», у школе адкрылі адмысловы клас у ейны гонар.

«Наша школа адразу была вельмі рада, што выпускніца нашай школы дасягнула такіх поспехаў, і мы ўсе былі вельмі рады», – дзеліцца ўспамінам удзельніца сустрэчы.

Пра што размаўлялі?

Падчас цёплага прыёму Святлана Алексіевіч прыгадала школьныя гады, паразважала пра будучы лёс краіны і распавяла пра свой асабісты шлях у прафесіі.

«У маім жыцці было шмат чаго – я была на вайне, і мяне судзілі за маю кнігу, мяне выганялі з працы за мае кнігі з журнала «Нёман», бо гэта былі апошнія камуністычныя гады, але тым не менш я заўжды заставалася сама сабой», – распавяла нобэлеўская лаўрэатка.

Алексіевіч адзначыла, што даўно марыла пабываць у родных мясцінах, але дагэтуль ёй бракавала часу.

Забаронена!

Тым не менш, даць магчымасць усім ахвотным трапіць на сустрэчу ў Капаткевічах не атрымалася – Петрыкаўскі райвыканкам расцаніў падзею як масавае мерапрыемства і запатрабаваў адпаведнай заяўкі на правядзенне. Падобна сітуацыя выглядала і ў Гомлі, дзе адбылася першая сустрэча Алексіевіч з чытачамі падчас паездкі пісьменніцы па родных мясцінах. Там кіраўніцтва абласной бібліятэкі не дазволіла сабрацца ў сценах установы.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары