Новы берасцейскі спарткомплекс назавуць у гонар шэйха Заід бін Султан ан-Наг’Яна


Адзін з самых выбітных футбалістаў усіх часоў. Аўтар найлепшага гола ў гісторыі футболу. Усе дасягненні – у кашулі з нумарам 10. Цяпер жа Дыега Марадона атрымаў футболку «Дынама» (Берасце) са сваім шчаслівым нумарам.

Адбылося гэта на адмысловай прэс-канферэнцыі, што прайшла ў Абу-Дабі. Легендарнага футбаліста на ёй прадставілі ў новым статусе – як старшыню праўлення «Дынама» (Берасце).

«Я з нецярплівасцю чакаю, калі змагу прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Я не збіраюся замыкацца ў кабінеце. Буду працаваць з камандай на стадыёне«, – заявіў Марадона.

Толькі на якім стадыёне? На прэс-канферэнцыі паведамілі, што цяперашні АСК «Берасцейскі» атрымае новую назву – шэйха Заід бін Султан ан-Наг’Яна.

Пра тое, што цяперашні берасцейскі стадыён пераймянуюць у гонар арабскага шэйха, паведаміла нямала медыяў, але ў прэс-службе футбольнага клубу гэтую інфармацыю зняпраўдзілі.

«Гэта некарэктны пераклад навіны. Гаворка ішла пра стадыён, які збіраюцца пабудаваць і праект якога зараз распрацоўваецца. АСК «Берасцейскі» застанецца са сваім імем, яго ніхто пераймяноўваць не будзе. Праект стадыёну распрацоўваецца. Менавіта пра гэта ішла гаворка ўчора на прэс-канферэнцыі», – кажа прэс-сакратар ФК «Дынама» (Берасце) Вольга Хіжынкова.

У Абу-Дабі ўжо ёсць стадыён імя шэйха Заіда, а дакладней спартовы комплекс з 5 футбольнымі палямі, лядовай арэнай і тэніснымі кортамі. У Беларусі хоць спарткомплекс і будзе больш сціплы, але і так у разы большы, чым цяперашні «Берасцейскі»: наш месціць 10 тысяч заўзятараў, а арабскі плануецца – на 30 тысячаў.

«Калі тут пабудаваць стадыён падобнага кшталту, то чаму не? Мы з задавальненнем будзем ім карыстацца. З іншага боку ён пераплюне стадыён у Менску, які зараз паўстае. У такім выпадку які з іх будзе нацыянальным – вось у чым пытанне», – кажа спартовы журналіст Эдуард Белемук.

У эканамістаў жа ёсць і іншыя пытанні: чый будзе стадыён – арабскі? А беларуская зямля пад ім таксама?

«Цяжка падлічыць, колькі шмат чаго беларускага стала арабскім, бо не вядзецца публічнага рэестру гэтых здзелак. Шмат якія трапляюць у публічную прастору дзякуючы выпадковасцям», – адзначае эканамічны аглядальнік Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль ні адмыслова ні выпадкова не прасачылася інфармацыя пра ўладальнікаў футбольнага клубу «Дынама» (Берасце).

«Мы не ведаем, хто купіў клуб рэальна. Шэйхі шэйхамі, так прэс-канферэнцыя Марадоны на арабскай мове, клуб камусьці перайшоў у спадчыну, але мы не ведаем каму – усе імёны хаваюцца», – кажа журналіст Эдуард Белемук.

Але галоўнае для інвестара, што на слыху імя Дыега Марадоны, які цяпер таксама знаходзіцца ў актыўным пошуку нерухомасці ў Берасці. Культавы футбаліст хоча жыць у межах горада ў доме з уласнай трэнажорнай залай.

Вольга Старасціна, «Белсат»