Закуліссе пацяплення: чаму Захад мірыцца з Лукашэнкам?


Летась Аўстрыя, сёлета Галандыя. Краіны Еўразвязу, якія дагэтуль мелі абмежаваныя дачыненні з Беларуссю, адчыняюць у Менску свае дыпламатычныя місіі. Чым насамрэч выкліканае пацяпленне? Якія вынікі яны прынеслі бакам на сённяшні дзень? Чаму Захад заплюшчыў вочы на здушэнне пратэстаў у Беларусі, а чаго ён цярпець не гатовы? Пра гэта, у шчырай размове, Белсату распавялі галандскія дыпламаты, што прыбылі на адкрыццё свайго прадстаўніцтва ў Менску.

У офісе, які галандскае МЗС зняло на Мяснікова 70, будуць працаваць два чалавекі: павераны і ягоны асістэнт. Установа лічыцца аддзяленнем варшаўскай амбасады Нідэрландаў. Тамтэйшы пасол усцяж будзе адказваць і за Беларусь. Галандскія візы па-ранейшаму будзе выдаваць нямецкае пасольства ў Менску.

Дыпламатычнае аддзяленне мае перадусім сімвалічнае значэнне

Рашэнне адчыніць дыпламатычнае прадстаўніцтва прынялі ў 2015 годзе. Як тлумачаць дыпламаты, Менск прыцягнуў увагу Еўразвязу прапановаю сваіх паслуг у якасці пляцоўкі для мірных перамоваў аб Украіне. Пасля таго, як улады Беларусі пагадзіліся яшчэ і на рэгулярны дыялог аб правах чалавека, Еўразвяз агулам і яго асобныя чальцы ў прыватнасці, у тым ліку Галандыя, пагадзіліся павышаць дыпламатычны ўзровень дачыненняў.

Здушэнне сацыяльных пратэстаў у Беларусі паставіла еўрапейцаў перад выбарам: ці працягваць дыялог? Рашэнне прынялі станоўчае. Маўляў, дыялог толькі пачаўся, змены не адбываюцца за адзін дзень ці нават год, і таму рана рабіць высновы аб правале стратэгіі збліжэння.

Захад гатовы заплюшчваць вочы да пэўнае мяжы

«Калі будзе эскалацыя праблемаў, то вядома. Але мы – не ў такой сітуацыі. Мы – у працэсе размоваў цяпер, і мы не для таго сёння прыехалі, каб усталёўваць чырвоныя сцяжкі, за якія нельга заходзіць», – тлумачыць пазіцыю Нідэрландаў віцэ-міністр замежных справаў Ёка Брант.

Эканамічных вынікаў дагэтуль не бачна

Нідэрланды – буйны інвестар у Беларускую эканоміку, але гэта практычна адна інвестыцыя: набыццё тамтэйшым «Гэйнэкенам» дзвюх беларускіх бровараў. Тое ж, што Беларусь нібыта экспартуе ў Галандыю на $ 1 млрд. нафтапрадуктаў, як выявілася – міф. Гэтая прадукцыя робіць толькі транзітны прыпынак у галандскім порце Ротэрдам і не застаецца ў Нідэрландах.

«Рэгулярныя кантакты на высокім узроўні, рэгулярныя інфанагоды ў дачыненнях з калектыўным Захадам падтрымліваюць імідж больш самастойнага рэгіянальнага гульца, чым па факце Менск ёсць», – мяркуе палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

Амбасадар Нідэрландаў у Польшчы і Беларусі, які прыехаў на адкрыццё прадстаўніцтва, адзначыў па-за камераю, што каб зацікавіць заходніх інвестараў, дыпламатычных кантактаў мала. Паводле яго, каб стварыць прывабны бізнес-клімат, Беларусі трэба стварыць у сябе сістэму, якая гарантуе вяршэнства закону.

Станіслаў Івашкевіч, Менск