Ні сабе, ні людзям: як дзяржава разбурае помнікі


На Віцебшчыне прыходзяць у заняпад адразу некалькі помнікаў архітэктуры 19-га стагоддзя. Яскравы прыклад – паштовая станцыя ў вёсцы Кузьміно Гарадоцкага раёну, якая месціцца ля адной з самых напоўненых трасаў – Е95. У гаспадарчых руках аб’ект мог бы стаць добрым сэрвісам, але цяпер пустуе ды разбураецца.

Паштовая станцыя ў вёсцы Кузьміно Гарадоцкага раёну стаіць на адной з самых актыўных трасаў – Санкт-Пецярбург – Адэса. У 90-я апантаны віцябчук Васіль Ільніцкі ўзяўся развіваць тут прыдарожны бізнес: адбудаваў інфраструктуру, стварыў працоўныя месцы. Справы ішлі ўгору нядоўга. Разам з урадавай праграмай развіцця прыдарожнага сэрвісу, як грыбы пасля дажджу, пачалі з’яўляцца дзяржаўныя прадпрыемствы і ціснуць на прыватнікаў.

«Не са мной была размова, а з маймі працоўнымі: «Ведаеце, гаспадар ваш будзе нам плаціць. Бо цяпер мы гаспадары гэтага Кузьміно». І на руках у іх былі паперы. Паперы, падпісаныя міністрам эканомікі. То бок, ствараючы акцыянернае таварыства, да іх перайшлі правы – 100 метраў ад адной дарогі, 100 метраў да другой дарогі…», – тлумачыць бізнэсоўца.

РУП «Віцебскаўтадар» не падзяліў з бізнесоўцам некалькі сотак зямлі. Яму адключылі электрападстанцыю, абрэзалі электрычнасць: ціск пачаўся па ўсіх кірунках, і Васіль не здолеў супрацьстаяць дзяржаўнаму гнёту.

«У кемпінг з маёй дапамогай было ўкладзена два з паловай мільярды недэмінаваных рублёў. Два з паловаю мільярды! Як я сцвярджаю і гатовы несці адказнасць за свае словы, пабудавалі бутафорыю! У літаральным сэнсе – без водазаборнай вежы, без біялагічных ачысных», – скардзіцца Васіль Ільніцкі

Самастойна эксплуатаваць паштовую станцыю «Віцебскаўтадар» не здолеў. І прыдарожны сэрвіс, які паўстаў дзякуючы бізнесоўцу Ільніцкаму, трапляў то да аднаго арандатара, то да іншага. За ўвесь час змянілася 8 арандатараў, і ўсе яны засталіся ў даўгу перад дзяржаваю. А сёння паштовая станцыя і ўвогуле прадаецца «з малатка» за мізэрныя грошы.

Такі ж лёс напаткаў яшчэ адну паштовую станцыю – у вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёну.

«Коней адных распрагаюць, а другіх, запрагаюць. Там стаялі коні, там дзе бункер. Ну, а зараз запушчана ўсё», – распавядае мясцовая жыхарка.

Пастановаю Савету Міністраў занядбаны будынак ХІХ стагоддзя разам з хлявом, гумном, разбуранай стайняю быў выключаны са спісу гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Сёння яго ахоўвае не дзяржава, а адзіная і апошняя жыхарка Паграбёнкі.

«Адны пад’ехалі на машыне з такой, гэтай самай, вышкай, каторай падымаюць, а я паглядзела, у вакно мне бачна, прыйшла: дык што гэта вы робіце, а яны ўжо вяроўкі нацягнулі, усё сарваць. Міліцыя пака прыехала, дык яны ўцяклі», – узгадвае жанчына.

Але, зусім верагодна, што марадзёры вернуцца. Бо гістарычныя будынкі не маюць дбайных гаспадароў. І невядома, ці ўдасца мясцовым чыноўнікам, якія нібыта кіруюцца прымаўкай «сам не гам, і людзям не дам», знайсці інвестараў, гатовых укладаць грошы ў безнадзейныя праекты.

Таццяна Уласенка, «Белсат»