Міжнародны дзень салідарнасці працоўных прайшоў, як дзяржаўнае «Свята працы». Кіраўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і чыноўнікі ўсклалі кветкі да стэлы «Менск – горад-герой», а ў парку Перамогі арганізавалі масавыя гулянні. А Незалежны беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў у гэты ж дзень ня змог правесці вулічную акцыю з прычыны немагчымасці аплаціць паслугі міліцыі, як таго патрабуе пастанова ўраду.
«Мы падалі заяўку, гэта супольная імпрэза, якая праходзіць у межах дня працы. Мы сабраліся ўсе – тут няма пропускаў – хто хоча, прыходзіць і адзначае. Гэта выходны дзень паводле нашага календара, і гэта свята ўсіх», кажа лідар ФПБ Міхаіл Орда.
Афіцыйная частка святкавання працягнулася масавым гуляннем у парку Перамогі паводле звыклай традыцыі – пачастункі ды відовішчы.
Удзельнікамі «Свята працы» перадусім сталі студэнты ВНУ.
«Мы прыйшлі сюды разам з універсітэтам, наш студэнцкі прафсаюз накіраваў нас на гэтае свята і мы такой шумнай талакой прыйшлі сюды», – кажуць яны.
Свята працы на дзяржаўным узроўні насамрэч у Беларусі замяняе міжнародна прызнаны Дзень салідарнасці працоўных, калі людзі працы дэманструюць сваю салідарнасць у патрабаванні выканання сваіх законных правоў. Для Беларусі гэта вельмі актуальна, кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
«Мы ведаем, якія ў нас заробкі, якія ў нас пенсіі, якой стане сітуацыя з правамі працоўных. І 1 траўня – найлепшы дзень, каб выставіць патрабаванні ўраду. А мы што бачым: ура, ура, ура!!!», кажа лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.
Незалежныя прафсаюзы ад традыцыйных першатравеньскіх акцыяў сёлета адмовіліся. Прычына, кажа Аляксандр Ярашук, у тым, што апошнім часам улады пачалі патрабаваць ад арганізатараў аплату паслугаў міліцыі. А гэта вялікая сума. Пра тое ж, ці плацілі за ахову сваёй акцыі дзяржаўныя прафсаюзы, іх кіраўнік нічога не сказаў.
Галіна Абакунчык, «Белсат»