Незалежныя магілёўцы аб’ядналіся ў канструктыўную апазіцыю


Юрыст, пенсіянер ці музыка. У кампаніі «Адкрыты горад» патэнцыйным кандыдатам можа стацца кожны. Галоўнае – мець жаданне змяняць свой горад да лепшага.

«У гэтай ініцыятыве людзі з розных прафесіяў і дзякуючы гэтаму, дзякуючы таму, што мы аб’ядналіся, мы можам уплываць на некалькі аспектаў жыцця магілёўцаў. Гэта і ЖКГ, і ахова здароўя, культура, адукацыя», – зазначыў Андрэй Чуйкоў, незалежны вылучэнец.

11 патэнцыйных кандыдатаў збіраюць подпісы за сваё вылучэнне

Свой аўтограф магілёўцы ставяць ахвотна, хоць і не хаваюць расчаравання цяперашнімі дэпутатамі.

Адсутнасць камунікацыі паміж уладамі і народам – адная з галоўных праблемаў у нашай краіне, мяркуе патэнцыйны кандыдат Кірыл Дарашэнка. Прадпрымальнік і эксперт у галіне дзяржаўнага кіравання спадзяецца разбурыць гэтую сцяну непаразумення.

Выбары ў Беларусі не адпавядаюць еўрапейскім стандартам

Пра гэта заяўляюць як беларускія праваабаронцы, гэтак і міжнародныя назіральнікі. Падчас мінулых выбараў у дэпутаты мясцовых саветаў бальшыня апазіцыйных кандыдатаў нават не атрымала рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў. Хоць ініцыятыва «Адкрыты горад» падкрэслівае, што выступае як цалкам незалежная.

«Пакуль мы разлічваем на тое, што і ў далейшым мы будзем незалежныя, хоць, канешне, гэта складана. У любым выпадку нейкая інтэграцыя ва ўладу адбываецца. У дэпутата ў тым ліку, бо ён мае зносіны з чыноўнікамі. І калі рубіць шашкай ува ўсе бакі, то нічога канструктыўнага не атрымаецца», – даводзіць ідэю кампаніі «Адкрыты горад» яшчэ адзін патэнцыйны кандыдат Кірыл Дарашэнка.

Ці рэальна застацца нейтральнымі?

Быць цалкам незалежным і нейтральным у нашай краіне надзвычай складана, адзначае рэгіянальны лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў. Палітык, які з 94-га года не прапусціў ніводнай выбарчай кампаніі ў Беларусі.

«Насельніцтва падчас выбару мусіць уважліва паглядзець, дзе людзі былі ў часе трэцяга дэкрэту. Каб у нас больш не было такіх дэпутатаў як Марзалюк і іншыя, якія лічаць сябе абранымі народам, а ў цяжкую для народа хвіліну яны проста сталі на бок уладаў», – дадае спадар Шанцаў.

Таму найперш перад патэнцыйнымі кандыдатамі стаіць надзвычай складанае заданне – вярнуць веру ў тое, што можна і варта выбіраць.

Вольга Жарнасек, «Белсат»