Пасля затрыманняў соцень актывістаў за пратэсты супраць эканамічнай палітыкі ўладаў, за краты пачалі кідаць і паводле Крымінальных артыкулаў. А гэта ўжо іншыя тэрміны зняволення. Пад удар трапілі патрыятычныя клубы.
Менш за содні прайшло з моманту заявы кіраўніка краіны аб наяўнасці лагеру для рыхтавання баевікоў недзе паміж Бабруйскам і Асіповічамі. Праз некалькі гадзінаў пасля заявы працаўнікі КДБ «знайшлі» баевікоў у шэрагах грамадскіх актывістаў.
«Самае страшнае ў сённяшніх навінах пра затрыманні – удакладненне пра тое, што інфармацыя дадаецца», – так напісала адна з карыстальніцаў сацыяльных сетак. І сапраўды, прозвішчы затрыманых дадаваліся цягам усяго дня.
У ліку затрыманых уладальнік кніжнай крамы Алесь Яўдаха. Пра падрабязнасці ягонага затрымання «Белсату» распавёў сведка Усевалад Сцебурака. Усё адбылося каля крэатыўнай прасторы «ЦЭХ».
«Адбылося нешта імгненнае, кшталту «стаяць», секунда нейкая, я абарочваюся і бачу, што чалавек 5, брутальна круцяць і нічога ніхто не паказвае, не гаворыць, кідаюць у бусік, які пад парамі стаіць на вуліцы».
Сілавікі таксама паведамілі, што афіцыйную інфармацыю ў справе дадуць цягам 72 гадзінаў.
За пару гадзінаў да затрымання Яўдахі знік колішні лідар арганізацыі «Белы легіён» Міраслаў Лазоўскі. Позна ўвечары, ужо ў кайданках, яго прывезлі дадому на вобшук.
«Ён быў у кайданках, твар разбіты, добрыя такія згусткі крыві, на патыліцы чырвоная вялікая драпіна. У кут на крэсла пасадзілі, галавой у сцяну, сказалі галаву не падымаць і пачалі вобшук», – кажа Святлана, нявеста Міраслава.
Сярод затрыманых аказаўся і Ян Міхалькоў, сын былога дэсантніка Мікалая Міхалькова, кіраўніка бабруйскага спартова-патрыятычнага клубу «Патрыёт». Найхутчэй, менавіта гэты афіцыйна зарэгістраваны клуб меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка, калі казаў пра бабруйскіх баевікоў. Што самае парадаксальнае, клуб «Патрыёт» курыраваўся менавіта працаўнікамі сілавых структураў.
«Я ў шоку і, калі шчыра, не разумею, што адбываецца. Наш вайскова-спартовы клуб – гэта афіцыйная структура аддзелу адукацыі. Мы ніякага дачынення не маем да экстрэмізму. Баевікоў я не рыхтую – гэта адназначна», – пракаментаваў справу Мікалай Міхалькоў.
У залежнасці ад таго, паводле якой часткі гэтага артыкулу Крымінальнага кодэксу будзе выніковае абвінавачанне, пакаранне можа абмежавацца як арыштам, гэтак і 15 гадамі пазбаўлення волі.
Паліттэхнолаг Аляксандр Фядута, які ў 2010 годзе сам быў фігурантам справы аб масавых закалотах, і 109 дзён правёў у «амерыканцы», лічыць, што ўлада палохае сама сябе.
«Лукашэнка жыве ва ўласным свеце і мы не ведаем, як гэты свет фармуецца, ці спачатку было слова, а потым справа, ці спачатку яму прапанавалі пэўную справу, а пасля ён пачаў, як заўжды, сваё славутае бла-бла-бла», – мяркуе спадар Фядута.
У тым ліку тыя, якія за «рускі мір» і за «адзінства славянскіх народаў». Чаму ў «баевікі» залічылі менавіта афіцыйна зарэгістраваны бабруйскі клуб «Патрыёт»? Адмыслоўцы звяртаюць увагу на тое, што тут беларуская мова і беларуская гісторыя былі важнымі складнікамі выхавання патрыятызму. І працаўнікам спецслужбаў гэта даўно не давала спакою.
Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»