«Чарнобыльскі шлях» – 50 тысяч удзельнікаў… падчас першай акцыі ў 1996-ым годзе, сёння – толькі некалькі сотняў чалавек. З найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ў гісторыі чалавецтва мінула 32 гады. Тыя, хто выйшаў на сённяшні пратэст, не забыліся пра загінулых і пацярпелых ад той страшнай аварыі ды ня хочуць паўтору трагедыі цяпер – у Беларусі, у Астраўцы.
Не дапусціць другога Чарнобылю. Некалькі соцень сабралася ля кінатэатра «Кастрычнік», каб рушыць у традыцыйным жалобным шэсці. Асаблівую ўвагу сёлета надаюць будове Астравецкай АЭС.
«Чарнобыльскі шлях» – гэта будзе пачатак шляху Астравецкага. 26-га красавіка мы пачынаем у Менску, 26-га траўня працягваем у Заслаўі. Далей 26 кожнага месяца будзем працягваць далей – Радашковічы, Маладзечна, Вялейка, Смаргонь, Ашмяны, Астравец», – кажа Павел Севярынец з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
У гэтых гарадах маюць прайсці мітынгі, пікеты, круглыя сталы, збор подпісаў – усё з адной мэтай – патрабаваннем спыніць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Актывісты ды эксперты тлумачаць: для хваляванняў ёсць прычыны.
«Беларуская АЭС – адзіная ў свеце, пры будаўніцтве якой упаў рэактар. Яго замянілі толькі дзякуючы намаганням грамадскасці і СМІ. Але другі рэактар, які выслалі на замену, таксама быў стукнуты», – адзначае Анастасія Дарафеева з Партыі «Зялёныя».
А ліквідатар Чарнобыльскае катастрофы дзеліцца сваім меркаваннем:
«А так як у нас усё робіцца не па розуме, а па ўказе, то такое, каб паўтарылася, што было на 4-ым блоку ў Чарнобылі – цалкам можа быць».
Між тым, на сённяшнім «Чарнобыльскім Шляху» пратэставалі не толькі супраць Астраўца.
«І пратэст супраць той вытворчасці, якую прынеслі ўжо кітайцы, якая вельмі шкодная экалагічна», – заўважае Вячаслаў Сіўчык з Руху салідарнасці «Разам».
Гаворка ідзе і пра акумулятарны завод пад Берасцем, і пра завод беленае цэлюлозы ў Светлагорску. Адметна, што выступ па апошняй тэматыцы ўлады спрабавалі сарваць – актывістку Алену Маслюкову, якая мелася прыехаць у Менск, нечакана выклікалі ў Светлагорскі РАУС, позву даставілі напярэдадні а 21-й гадзіне.
«Зразумелая справа. Я мусіла быць там, я рыхтавала выступ на мітынг. Адносна менавіта гэтага заводу. Яны нас патрымалі дзве гадзіны, і зараз ехаць – мы не даедзем», – распавядае Алена Маслюкова.
Яшчэ перад пачаткам Чарнобыльскага Шляху некалькі актывістаў выйшлі з боку Акадэміі Навук, каб выказаць салідарнасць з палітзняволенымі.
Сярод іх – Вольга Нікалайчык, якая кажа:
«Мы вырашылі нагадаць пра Змітра Паліенку, Міхася Жамчужнага. У жахлівых умовах, людзі гніюць зажыва, можна так сказаць. Юркойця, Аватарава Тараса, Валавіка, Святаслава Барановіча».
Ад праспекта Незалежнасці шэсце скіравалася вуліцамі Сурганава ды Арлоўскай да Чарнобыльскае капліцы. Звон, знічы, харугвы і нягледзячы ні на што, выгукі «Жыве Беларусь!»
Асобны жалобны мітынг правялі сябры Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ у Кіеўскім скверы. Тэматыка гучала падобная.
«Зараз яны ставяць нам атамныя рэактары ў вельмі чыстым месцы. У Астраўцы павінныя быць санаторыі, дамы адпачынку, там трэба аздароўліваць дзяцей. А не атамную станцыю будаваць, гэтую атамную смерць», – мяркуе Алесь Чахольскі з КХП БНФ.
«Чарнобыльскі Шлях», як і штогод, скончыўся ўскладаннем кветак і знічоў. Шэсце прайшло спакойна. На гэты момант абышлося без затрыманняў.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu