Навошта вучыць беларускую мову? Гуркоў: каб не быць ёлупнем дурным


Сапраўдны «народны чэмпіён», на рахунку якога больш за дзесяць перамог на сусветных спаборніцтвах. Віталь Гуркоў правёў трэнінг па боксе для пераможцаў конкурсу «Я не баюся спрабаваць». Паводле ўмоваў, удзельнікі мусілі цягам дня размаўляць толькі па-беларуску, а пасля апісаць свае ўражанні.

«Кожная гісторыя, яна была вартая ўвагі. Бо кожны з канкурсантаў зрабіў такі магутны крок для сябе і пераадолеў некаторыя ўнутраныя цяжкасці, унутраныя пэўныя дыялогі ў яго адбываліся», – кажа Віталь Гуркоў.

Пераможцамі сталі дзесяць чалавек рознага ўзросту і прафесіяў. Сярод іх – доктарка і офісная работніца, што пераехала ў Менск з Грузіі, а таксама студэнты, школьнікі ды пенсіянерка.

«Гомель – вельмі русіфікаваны, і цяжка знайсці асяродак беларускамоўны. А гэта – патрэба душы такая, каб гэты асяродак быў. Пачала размаўляць з сябрамі, з сямʼёй, у краме», – распавядае архітэктарка Таццяна Літошык.

Досвед маўлення па-беларуску паказаў, што да роднай мовы збольшага людзі ставяцца прыязна. Удзельнікі прызнаюцца, што і надалей будуць ладзіць для сябе дні камунікацыі па-беларуску. Віталь Гуркоў жа мяркуе, што змяніць падыход да мовы варта і на дзяржаўным узроўні.

«Асноўнае пытанне моладзі: а навошта мне беларуская мова? А вось, напрыклад, калі б зрабілі абавязкова гэта іспытам у вышэйшыя навучальныя ўстановы, тады быў бы адказ адразу, – каб паступіць, вышэйшую адукацыю атрымаць, а не быць ёлупнем дурным», – раіць Гуркоў.

Трэнуе ахвотных размаўляць па-беларуску Віталь Гуркоў ужо другі раз. Раней жа ў эксперыментах курсаў «Мова нанова», сярод іншых, бралі ўдзел музыкі Андрусь Такінданг, Вінсэнт, Аляксандр Ціхановіч ды іншыя.

Юлія Лабанава, «Белсат»