Аб'ектыў 06.01.2018 Навошта апазіцыя ўдзельнічая ў мясцовых выбарах?


Яны не вераць у справядлівасць выбараў у Беларусі, але ж бяруць удзел у іх. «Белсат» наведаў пікеты ў зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на мясцовыя выбары ды запытаўся ў дэмакратычных актывістаў, у чым сэнс гэткіх, здавалася б, нелагічных дзеянняў.

Для чаго патрэбныя выбары, якіх насамрэч няма? Актывісты руху «Дзея», якія зладзілі выбарчы пікет у менскім мікрараёне Сухарава, адказваюць проста: каб выказаць альтэрнатыўнае меркаванне і каб легальна нагадаць суайчыннікам пра важныя гістарычныя падзеі з дапамогаю нацыянальнай сімволікі.

«У гэтым годзе спаўняецца сто гадоў ад заснавання Беларускай народнай рэспублікі, якая, у прынцыпе, распачала сённяшнюю беларускую дзяржаўнасць. І мы лічым, што вельмі важна пра гэта хоць нейкім чынам нагадваць. І вось мы зрабілі банэр, на тле ягока любы чалавек можа падысці сфатаграфавацца, і папросту каб людзі, асабліва дзеці, бачылі нашыя нацыянальныя сцягі, бачылі нашую «Пагоню» і памяталі пра сваю гісторыю і цікавіліся гэтым», – кажа кіраўніца ініцыятыўнай групы Алеся Лагвінца Аліна Нагорная.

«Калі ты застаешся, так ці інакш, у бюлетэні – альтэрнатыва ты ці не, усё адно ты падштурхоўваеш людзей, якія маюць да цябе давер, ісці ўдзельнічаць у гэтым фарсе. Таму варта карыстаць з гэтых магчымасцяў, але гуляць – у сваю гульню», – мяркуе Алесь Лагвінец.

Ці даспадобы гэткая тактыка менчукам?

Жыхары Менску кажуць:

«Я жыхар гэтага раёна. Я адмыслова ўзяў пашпарт і падышоў, каб аддаць свой голас за Алеся. Але як ён сказаў, што не будзе ўдзельнічаць, то і я туды не пайду».

«Добра стаўлюся да таго, што ёсць Беларусь. Палякі сваё выйгралі: сто гадоў ужо ў іх рэспубліка! А ў нас, на жаль, зноўку савок, камунізм».

«Малакасосы! Што яны ўмеюць? Яны жыцця не бачылі, пра што мы гаворым! Толькі абяцаць, а потым улезці – глупства!»

«Я ўздым адчуваю ў душы! Таму што гэта нашае! Мае прадзеды-дзяды пад гэтым хадзілі!»

А вось, скажам, у сацыял-дэмакратаў – свая тактыка. Актывіст БСДП «Народная грамада» Пётр Папраўка дакументы на сваё вылучэнне ў Менскі гарадскі савет ужо здаў, бо, як партыец, патрэбы ў збіранні подпісаў не мае. Але свой пікет у сталічнай Курасоўшчыне ўсё ж зладзіў – каб заклікаць суграмадзянаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

«Яны павінны ўсім сваім выглядам нагадаць тым, хто спрабуе займацца падманам і фальсіфікацыяй вынікаў выбараў, пра тое, што няма ў закону межаў. Як казалі рымляне: «Суровы закон, але гэта закон», – кажа Папраўка.

І тут апазіцыянер знайшоў падтрыманне сярод простых менчукоў.

Жыхары Менску кажуць:

«Калі ў нас толькі адзін кандыдат будзе ад апазіцыі, буду за яго галасаваць».

«Я не ведаю гэтага чалавека, але я бачу сцягі. Гэта мае сцягі».

«Каб у нас у гарадскім савеце было больш такіх дэпутатаў, дык у нас было б зусім іншае жыццё».

«Станоўча ставімся да кандыдатаў. З надзеяй на лепшае».

Мясцовыя выбары ў Беларусі адбудуцца 18 лютага. Агулам па краіне дэпутацкі статус маюць атрымаць 18 111 чалавек.

 

Валеры Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары