Наступная прэзідэнцкая кампанія ў Беларусі: ці ёсць выбар?


Яшчэ даўжэйшага сядзення ўва ўладзе Ліберальна-дэмакратычная партыя, як анансавалася яшчэ летась, збіраецца дамагацца ў наступным годзе. Пры гэтым, у выпадку паспяховых зменаў у Канстытуцыі, чаму б і самім не скарыстацца з новых выгодаў? Напярэдадні ЛДПБ пастанавіла вылучыць намесніка старшыні партыі Алега Гайдукевіча кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2020-га года.

«Прэзідэнцкія выбары таксама, у значнай ступені, азначаюць не канкрэтную палітычную партыю, але пэўныя скокі і рухі вакол гэтага мерапрыемства, якое называецца прэзідэнцкімі выбарамі. Ну і Гайдукевіч, безумоўна, сваім жаданнем ісці на выбары азначае, што ёсць вечны спарынг-партнёр», – каментуе апошнія навіны са стану ЛДПБ палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Што ж да беларускай апазіцыі, нагадвае эксперт, то яна неаднойчы спрабавала змяняць стратэгію свайго змагання за ўладу. Пры гэтым няхітры алгарытм стаўлення да ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі дазваляе рабіць прагнозы і на тры гады наперад.

«Апазіцыя аб’ядноўваецца тады, калі бачыць шанец на перамогу, як гэта было ў 2001-м і 2006-м гадах. Калі як у 2015-м ці нават у 2010-м вялікіх шанцаў не бачыць, то кожны ідзе за сябе, кожны думае найперш пра інтарэсы сваёй партыі. І ўжо, сыходзячы з гэтага, можна меркаваць, як будзе выбудоўвацца стратэгія на 2020-ы год», – працягвае Віталь Цыганкоў.

Зрэшты, з прагнозамі давядзецца пацярпець: заяўляць пра свае амбіцыі на наступную прэзідэнцкую кампанію з канкрэтнымі прозвішчамі апазіцыя пакуль што не спяшаецца.

Вось што кажа пра наступныя выбары сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

«У нас наперадзе – кампанія мясцовая. Ёсць задачы, якія мы ставім на гэтую мясцовую кампанію. І ёсць таксама планы, што адразу пасля яе адразу распачнецца механізм вылучэння адзінага кандыдата».

Андрэй Дзмітрыеў з «Гавары праўду» распавядае, як будзе рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў ягоная арганізацыя:

«Гэта і будоўля структур, гэта і падрыхтоўка базы дадзеных выбарцаў, гэта і прапрацоўка піяр-часткі: з якім мэсэджам павінен ісці кандыдат, што ён будзе гаварыць, з якой праграмай – вось гэта, безумоўна, рыхтуецца зараз, рыхтуецца загадзя. Але самога кандыдата, мне падаецца, раней, чым за год вылучаць папросту не мае аніякага сэнсу».

Пры гэтым літаральна ўсе апытаныя «Белсатам» на вуліцах Менску, незалежна ад іх палітычных поглядаў, сышліся ў адным: галоўнае – каб быў рэальны выбар.

«Я думаю, што будзе кандыдатаў шмат, як звычайна. Але Лукашэнка, відаць, усіх пераможа», – кажа жыхар сталіцы.

Іншая жыхарка Менску агучвае сваё меркаванне:

«Апазіцыя заўжды павінна прысутнічаць. Але яна павінна дзейнічаць і працаваць з нашымі прадстаўнікамі ўлады».

Яшчэ адзін апытаны адзначыў:

«Павінная быць альтэрнатыва. І будучыня для Беларусі. І… we will make Belarus great again! Поспехаў!»

Інакш навошта тыя выбары, калі рэальнага выбару няма?

Валер Руселік, belsat.eu