«Наш парламент – нуль, і няма розніцы – колькі там жанчын». Жанчыны – пра сябе ў палітыцы


Дэпутаткі нацыянальных парламентаў Еўразвязу, удзельніцы Парламенцкай асамблеі АБСЕ са Швецыі, Польшчы, Літвы і Украіны сустрэліся ў Менску, каб абмеркаваць ролю жанчын у сучаснай палітыцы.

«Жанчыны складаюць палову нашага грамадства, таму дзіўна, што мы бачым у палітычных інстытуцыях і асамблеях гэтак мала жанчын», – кажа дэпутатка федэральнага парламенту Бельгіі Наіма Лянжры.

У Беларусі праблема мае свае адметнасці.

«Жанчыны мусяць быць не толькі ў парламенце, але і на важных пасадах ва ўрадзе, але жанчыны ў Беларусі маюць шмат перашкодаў: яны працуюць і адначасова адказваюць за дзяцей, за гаспадарку, іх трэба падтрымліваць, ім трэба дапамагаць», – кажа кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын.

Заходнееўрапейскія суседзі больш прасунуліся ў пытаннях раўнапраўя, да таго ж у нашай краіне пэўна адбітак накладае агульны палітычны клімат.

Паводле рэйтынгу сусветнай міжпарламенцкай рады, нашая краіна ўваходзіць у топ трыццаці краінаў паводле колькасці жанчын у парламенце, а сярод краінаў СНД Беларусь – на трэцім месцы. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў толькі кожны чацвёрты дэпутат – жанчына. Хоць і павольна, але гэтая лічба расце: у гэтым скліканні на 9 жанчын больш, чым у мінулым.

«Насамрэч беларускі парламент – гэта нуль, і якая розніца, колькі там мужчын, а колькі жанчын, калі ні мужчыны, ні жанчыны не могуць уплываць на палітычную сітуацыю сёння ў Беларусі», – кажа дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Ганна Канапацкая.

Калі казаць пра гендарную раўнавагу ў дзяржаўным апараце, паводле даследаванняў Белстату за мінулы год, сярод дзяржаўных службоўцаў розных узроўняў мужчынаў усяго 30 %. А вось у міністэрскіх фатэлях жанчын толькі дзве з дваццаці чатырох пасадоўцаў. Што да беларускіх апазіцыйных партыяў, то дзве з дзевяці – «Зялёных» і БСДП – ачольваюць жанчыны, а старшыня кампаніі «Гавары праўду!» Таццяна Караткевіч на мінулых выбарах нават прэтэндавала на пасаду прэзідэнта.

«Ува ўніверсітэтах шмат жанчын вучацца на факультэтах паліталогіі, але пасля атрымання дыплому мала хто робіць карʼеру ў гэтай сферы, – кажа дэпутатка літоўскага сейму Рута Мілюце. – Гэта ўсё пачынаецца з рашучасці, і жанчынам таксама патрэбнае падтрыманне».

Каб змяніць сітуацыю і даць голас жанчынам у палітыцы, выпрацоўваць як рашучасць, гэтак і ўпэўненасць у сабе, амбітнасць, варта з самага малога ўзросту, пазбягаючы гендарных стэрэатыпаў, згодна сцвярджаюць адмыслоўцы.

Наста Храловіч