«Начныя ваўкі» вырашылі не ехаць у Польшчу


Штогод байкеры-пуціністы з клубу «Начныя ваўкі» спрабуюць правесці мотамарш «Дарогі Перамогі – на Берлін!» – абавязкова праз Беларусь. Сёлета Берасце стаў апошнім пунктам іхнага падарожжа.

Магутны і незалежны клуб з расейскім абліччам і традыцыямі. Гэтак пазіцыянуюць сябе «Начныя ваўкі», якія традыцыйна бліжэй да 9 траўня з’явіліся і ў Беларусі. Нашая краіна – у іхным спісе «дарогаў перамогі». Нягледзячы на леташні штраф, Хірург – ізноў без шлему.

А вось працаўнікоў «Белсату» на сваёй прэсавай канферэнцыі ў берасцейскім Генеральным кансулаце Расеі байкеры бачыць катэгарычна не захацелі.

«Андрэй Баброўнікаў, прадстаўнік гэтага расейскага клубу, без камеры прызнаўся мне, што гэта прамы загад Хірурга, якога ён не можа не выканаць», – кажа журналіст Алесь Ляўчук.

Два гады таму Алесь Ляўчук запытаўся галоўнага Ваўка аб Пакце Молатава-Рыбэнтропа, які, між іншага, падзяляў Польшчу паміж СССР і гітлераўскаю Нямеччынай у 1939-м. Гэта Хірурга моцна абурыла.

Сёння «начны воўк» больш устойлівы да цяжкасцяў.

«Мы гатовыя да цяжкасцяў, якія нас будуць чакаць у Польшчы, у Чэхіі. Мы ўжо пра гэта ведаем – людзі паведамлялі. Таму пазітыў для нас скончыцца на мяжы з Берасцем», – заявіў лідар мотаклубу Аляксандр Залдастанаў парталу TUT.BY.

З цяжкасцямі «Начныя ваўкі» сутыкаліся і раней, у 2007-ым годзе, калі распачалі свае традыцыйныя мотамаршы «На Берлін!». А пасля анексіі Расеяй Крыму праехаць у Еўропу пракрамлёўскім байкерам стала амаль немагчыма.

Гэтак і сёння – мінаць мяжу адважыліся толькі чатыры матацыклы – 2 на славацкіх нумарах, а два – на польскіх.

Большасць байкераў пасля наведвання Берасцейскай крэпасці павярнула назад.

Афіцыйна «ваўкі» проста наведваюць месцы, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай, аддаючы даніну памяці загінулым. Але калі на Захадзе на матацыклістаў глядзяць скоса, то ў нашай краіне іх гасцінна сустракаюць і суправаджаюць некаторыя чыноўнікі.

Паводле інфармацыі «Белсату», учора ў Пінску вайсковы клас школы № 10 сагналі ў гарадскі парк на сустрэчу з байкерамі дзеля ўскладання вянкоў і кветак. Але ваўкі спазніліся ажно на дзве гадзіны, таму за імпрэзай засталіся назіраць толькі самотныя чыноўнікі. І тое – з далечыні.

«Яны не ўяўляюць ніякай сапраўднай пагрозы. Гэта шуты такія. А Лукашэнка заўсёды на шоу хоча выехаць, прадэманстраваць, што мы тут нібы братнія народы. Пацалункі ў абмен на нешта», – лічыць грамадскі актывіст і прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч.

Сцяпан Святлоў; фота – Мілана Харытонава